Ці ўдалося арганізатарам Паралімпіяды сапраўды стварыць усе ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, разбіралася Алена Гарэльчык.
Магчымасці людзей з магчымасцямі абмежаванымі бязмежныя. Вось такі парадокс. І яго пацвярджэнне - за апошнія 4 гады вынікі выраслі ў разы.
На Гульнях у Сочы выступаюць 10 беларусаў, 30% гэтага складу - дэбютанты. Нашы змагаюцца ў двух відах спорту з пяці - лыжных гонках і біятлоне. Перад заключным днём спаборніцтваў нашы ўзялі тры ўзнагароды - тры бронзы, заваяваныя двума спартсменамі.
Для Ядвігі Скорабагатай гэта пятая Паралімпіяда і восьмы медаль у кар'еры. Толькі са сваіх першых Гульняў у Нагана яна дазволіла сабе вярнуцца без узнагароды. Двойчы на сочынскім п'едэстале аказваўся Васіль Шаптабой. Адзін з нямногіх, хто паспяхова выступае як на зімовых, так і на летніх Гульнях. Менавіта ён заўтра панясе беларускі флаг на цырымоніі закрыцця Гульняў.
Нас не дагоняць - дэвіз расійскай зборнай на Алімпійскіх гульнях спрацаваў і на Паралімпіядзе. Гаспадары форуму - адны з лідараў не толькі па колькасці спартсменаў, больш прыехала толькі са ЗША. Па колькасці медалёў дагнаць нашых усходніх суседзяў ужо немагчыма. Спартсмены перамагаюць, арганізатары зарабляюць бонусы. Не без дапамогі беларусаў.
Дасягаючы немагчымага - назва цырымоніі закрыцця Паралімпійскіх гульняў - як дэвіз, з якім кожны дзень жывуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Магчымасцямі, якія бязмежныя.














