Арына Сабаленка працягвае перамагаць, чаго нельга сказаць пра валейбольны клуб "Мінск". Агляд спартыўных падзей традыцыйна кожны панядзелак у рубрыцы "Матчбол".
Салігорскі "Шахцёр" перамагае дзеючага чэмпіёна - "Металург" - у першым паядынку паўфінальнай серыі Экстралігі. З лікам 2:1 напярэдадні ў Салігорску атрымалі вікторыю мясцовыя хакеісты.
Менавіта гаспадары лік адкрылі пасля дакладнага кідка Міхаіла Шалагіна, аднак праз тры хвіліны Аляксей Мастуркоў аднавіў раўнавагу. Наступны гол прыхільнікі хакея чакалі доўга - толькі ў трэцім перыядзе Арцём Дзямкоў вызначыўся, яго шайба ўвогуле і атрымалася пераможнай.
Другая паўфінальная пара - "Нёман" і сталічнае "Юнацтва". Каманды паспрачаюцца за выхад ў фінал Кубка Прэзідэнта, першая гульня паміж імі пройдзе сёння і пачнецца а 19-й гадзіне.
Зборная Беларусі па футболе няўдала стартавала ў кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы 2024 года. У першым дамашнім паядынку, які праходзіў у Сербіі, дружына Георгія Кандрацьева саступіла зборнай Швейцарыі 0:5. 28 сакавіка беларусаў чакае другая сустрэча - супраць Румыніі.
Арына Сабаленка тым часам працягвае барацьбу за агульную перамогу на тэнісным турніры ў Маямі.
Мінчанка з-за высокага рэйтынгу прапусціла першы круг спаборніцтваў, што дазволіла ёй лепш адпачыць, пасля чаго Сабаленка паслядоўна з аднолькавым лікам 2:0 перамагла і амерыканку Шэлбі Роджэрс, і прадстаўніцу Чэхіі Марыю Баўзкову. У 1/8 беларуска сустрэнецца з Барбарай Крэйчыкавай.
Валейбалісткі "Мінчанкі" саступілі "Лакаматыву" з Калінінграда ў дамашнім матчы 25-га тура расійскай Суперлігі. Дзеючыя ўладальніцы трафея перамаглі ў чатырох сэтах - 3:1. Такім чынам у нашай каманды засталося дзевяць вікторый. А вось "Будаўнік" (мужчынскі клуб з Мінска) сезон завяршыў толькі з дзвюма перамогамі і на апошнім месцы ў турнірнай табліцы. У апошнім матчы сезона мінчане саступілі валейбалістам з Ніжнявартаўска 1:3.
На гэтым тыдні ўся ўвага паўфіналам хакейнага Кубка Прэзідэнта і гонкам чэмпіянату Расіі па біятлоне, дзе выступаюць і лідары зборнай Беларусі. У аўторак, 28 сакавіка, Антон Смольскі стартуе чацвёртым у пасьюце.













