Ці забяспечыць сабе БАТЭ ўдзел у Лізе чэмпіёнаў гэтай восенню? Даведаемся праз некалькі гадзін

14 августа 2018

Сёння жоўта-сінія правядуць матч у адказ супраць азербайджанскага "Карабаха" у 3 туры кваліфікацыі галоўнага кубкавага турніру Старога Свету. Цана гэтай сустрэчы высокая. Пераможца гарантуе сабе еўравосень як мінімум у Лізе Еўропы. Зараз у Барысаве працуе здымачная група Агенцтва тэленавін.

На прамую сувязь са студыяй выходзіць Крысціна Камыш (прамое ўключэнне). Тыдзень таму ў Баку на стадыёне "Тофік Бахрамаў" за дуэллю "Карабаха" і БАТЭ назіралі 29 тысяч чалавек. Паглядзім, ці здарыцца аншлаг сёння. Дачакаемся афіцыйнага пратаколу сустрэчы. Але як вы бачыце за маёй спінай, фанаты ідуць на "Барысаў-Арэну", хоць да стартавага свістка яшчэ 50 хвілін. 7 жніўня ў Азербайджане жоўта-сінія дабіліся мінімальнай перамогі - 1:0. Гол Станіслава Драгуна. Галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага на прэс-канферэнцыі перад матчам у адказ адзначыў, што невялікая псіхалагічная перавага ў каманды ўсё ж ёсць.

Каманда Аляксея Багі да матча з большага падыходзіць без траўм. Сімавіч і Васілевіч пасля пашкоджанняў працавалі па індывідуальнай праграме. Іх няма ў складзе на гульню. Таксама самастойна трэніраваўся ўчора асноўны форвард БАТЭ Мікалай Сігневіч. У форварда была затэйпавана нага. Пакуль не вядома, колькі па часе згуляюць Мілунавіч і Гардзяйчук. Напярэдадні барысаўчане на базе ў Дудзінцы правялі адкрытую трэніроўку для журналістаў. І нам удалося ўзяць эксклюзіўныя каментарыі.

Для выхаду ў наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў БАТЭ задаволіць перамога або нічыя. Ужо вядома, з кім згуляе пераможца гэтага супрацьстаяння. Гэта будзе галандскі "ПСВ Эйндховен".

Я ж хачу нагадаць, што прамую трансляцыю з Барысава будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Пачатак у 8 вечара. Хварэем за нашых.