Адзінаццаць дзён застаецца да старту ХХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў. На мінулым тыдні прайшлі афіцыйныя провады зборнай краіны. Капітанам каманды абраны Іван Ціхан. Першыя беларусы ўжо ў Токіа, а менавіта - плыўцы. Больш спартыўных падзей - у рубрыцы "Матчбол".
Расказвае Станіслаў Ліпскі. Тэніс на гэтым тыдні ў авангардзе спартыўных навін. Арына Сабаленка выдатна выступіла на Уімблдоне, дарэчы, як і Крысціна Дзмітрук.
Апошняя выйграла прэстыжныя спаборніцтвы, праўда, у парным разрадзе і сярод юніёраў. У тандэме з расіянкай Дзіянай Шнайдэр у фінальным паядынку не пакінулі шанцаў бельгійска-фінскаму дуэту: Сафія Костулас/Лаура Хіетаранта 6:1,6:2.
А вось лідар жаночай зборнай Беларусі: Арына Сабаленка спынілася ў паўфінале. Прадоўжыць серыю перамог беларусцы не дазволіла прадстаўніца Чэхіі Караліна Плішкава. Арына перамагла ў першым сэце 7:5, аднак саступіла ў апошніх двух - 4:6,4:6. Дзякуючы выхаду ў паўфінал, Сабаленка ў адноўленым рэйтынгу сусветнай жаночай асацыяцыі цяпер займае трэцяе месца.
Салігорскі "Шахцёр" з паражэння стартаваў у футбольнай Лізе чэмпіёнаў - у першым раундзе балгарскі "Лудагорац" - сапернік "гарнякоў".
Паядынак праходзіў у Разградзе - на хатняй арэне балгарскай каманды. Гаспадары большую частку сустрэчы валодалі ініцыятывай: больш атакавалі, аднак выдатная гульня Гутара не дазваляла адкрыць лік у сустрэчы. Здавалася, "Шахцёр" здолее згуляць унічыю, але ў дадатковы час футбалісты "Лудагорца" ўсё ж забілі і вырвалі перамогу - 1:0.
Паядынак у адказ пройдзе заўтра у Сербіі, нагадаем з гэтага сезона УЕФА адмяніла правілы выязнога голу. Пачатак гульні ў 22:30.
Італія тым часам выйграла чэмпіянат Еўропы па футболе. У вырашальным матчы ў Лондане апенінцы перамаглі Англію. Асноўны час сустрэчы завяршыўся ў нічыю 1:1, а ў серыі пенальці перамагла менавіта Італія. Адзначым, англічане ўпершыню ў гісторыі дайшлі да галоўнага паядынку Еўра, у італьянцаў гэта ўжо другі тытул лепшай каманды Еўропы.
На гэтым тыдні сочым за футболам - вашай увазе Ліга чэмпіёнаў і гульні чэмпіянату краіны. Таксама цікавімся чэмпіянатам Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў. Усё гэта, зразумела, вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.
Пра значныя падзеі тыдня ў рубрыцы "Матчбол"
12 июля 2021













