Новы тэрмінал аэрапорта прымае ўдзельнікаў чэмпіянату свету

7 мая 2014

Сёння ў Беларусь прылятаюць амаль усе зборныя, якія прымаюць удзел у чэмпіянаце свету па хакеі.


У Нацыянальным аэрапорце Мінск сёння ад самай раніцы працуе наш карэспандэнт Якаў Бута, які сустракае каманды (прамое ўключэнне).


Сёння над аэрапортам, як і над Мінскам, нізкая хмарнасць. Перыядычна імжыць невялікі дождж. Але сумняваюся, што гэта перашкодзіць рэйсам прызямліцца ў Мінску своечасова.


Сёння прылятаюць амаль усе зборныя. Учора Мінск паспеў сустрэць толькі хакеістаў з Італіі і Францыі - яны прыляцелі першыя, рэгулярнымі рэйсамі Белавія.


А сёння прызямляцца будуць ужо ў асноўным чартары. Менш за гадзіну таму прыляцеў самалёт з Капенгагена. На борце былі трыццаць восем, як іх завуць, дацкіх ільвоў. Нягледзячы на тое што зборная Даніі за апошнія дзесяць гадоў толькі аднойчы трапляла ў васьмёрку лепшых на чэмпіянатах свету, сёлета яны абяцаюць як мінімум выйсці ў плэй-оф.


Дарэчы, выходзяць каманды праз новы тэрмінал, рэканструкцыю якога скончылі зусім нядаўна. Некаторыя хакеісты нават адзначаюць, што аэрапорт стаў значна больш светлы і прасторны.


Ёсць поўны расклад, таму я распавяду пра тыя рэйсы, якія прылятаюць да нашага наступнага ўключэння ў 15 гадзін.


Такім чынам, у 12:50 прызямляецца зборная Славакіі.


У 13:30 - Чэхіі.


У 14:20 можна сустракаць адразу дзве зборныя - Швейцарыі і Канады. Яны прыляцяць на адным самалёце.


І ў 14:45 ступяць на беларускую зямлю шведы.