Новая старонка ў гісторыі зборнай Беларусі па футболе

3 сентября 2018

На гэтым тыдні дружына Ігара Крывушэнкі стартуе ў Лізе нацый. Турнір новы - задача старая: прабіцца ў фінальную частку. Яшчэ адзін важны момант: галоўная каманда краіны вяртаецца ў Мінск. Сёння ў зборнай было адразу тры медыяпадзеі.

Наш карэспандэнт Павел Капуцкі адным з першых убачыў новую форму і пагутарыў з тымі, хто будзе ў ёй гуляць.

Гэта Нацыянальны мастацкі музей. Месца для прэзентацыі маркетолагі Федэрацыі футбола выбралі спецыяльна. Па-першае, новая форма з гістарычным каларытам. Па-другое, гэта цэнтр горада. Недалёка ад стадыёна "Дынама". З-за рэканструкцыі арэны зборная шэсць гадоў не гуляла афіцыйныя матчы ў Мінску.

У гэтай форме наша каманда будзе гуляць два найбліжэйшыя гады. Усе матчы Лігі нацый і кваліфікацыю чэмпіянату Еўропы. Унікальны дызайн распрацаваны спецыяльна для зборнай Беларусі. Герб, эмблема федэрацыі, белыя крылы і нацыянальны арнамент, які азначае мужчынскі пачатак. Для выканання задачы ён спатрэбіцца.

Ігар Крывушэнка на "Дынама" прадчувае гульню з Сан-Марына. Стыльны ролік-запрашэнне апублікаваны на YouTube-канале федэрацыі.

Галоўны трэнер дзень пачаў з прэс-канферэнцыі. Пытанняў журналістаў хапіла ледзь больш, чым на 15 хвілін. Крывушэнка перад стартам у важным турніры не распыляўся, адказваў па справе.

Каманда ўпершыню пасля адкрыцця тэхнічнага цэнтра жыве за межамі Мінска. Каб футбалісты не адцягваліся. Адборачны цыкл на чэмпіянат свету ў Расіі хлопцы правалілі. Апошняе месца ў групе.

У нас настолькі нізкі рэйтынг, што пры жараб'ёўцы Лігі нацый каманда трапіла ў чацвёрты дывізіён з чатырох, але задачу гэта як раз спрашчае.

У саперніках па групавым этапе Сан-Марына, Люксембург і Малдова. Калі зоймем першае месца, то ўвесну 2020 года згуляем паўфінал, і, магчыма, фінал. Перамога, якая азначае выхад на чэмпіянат Еўропы.

Усе матчы групавога этапа Лігі нацый пройдуць гэтай восенню. У суботу беларусы стартуюць хатняй гульнёй з Сан-Марына. Пачатак у 19 гадзін. Цана білета ад двух да шасці рублёў. А для тых, хто не дабярэцца да стадыёна "Дынама", прамая трансляцыя на "Беларусь 5".