Новая серыя праекта Галявая перадача

18 апреля 2014
Галявая перадача - праект Агенцтва тэленавін, прысвечаны чэмпіянату свету па хакеі. Мы працягваем прадстаўляць каманды з групы А, якія свае матчы папярэдняга этапу правядуць на Чыжоўка-Арэне. Сёння вашай увазе адзін з галоўных фаварытаў любых хакейных спаборніцтваў - зборная Чэхіі. Зрэшты, у апошні час у гэтай краіне няма ранейшай радасці ад вынікаў каманды. Чаму? Адказы ў нашым рэпартажы.

Расказвае Мікалай Стула: Чэхія - дзяржава ва Усходняй Еўропе. Тэрыторыя 78 866 кіламетраў квадратных, гэта 115-ты паказчык у свеце. Насельніцтва - крыху больш за 10 мільёнаў. У гэтай краіне каля 107 тысяч зарэгістраваных хакеістаў, 167 клубаў. На ўсю Чэхію 150 лядовых палацаў. Нацыянальная зборная гэтай краіны - правапераемніца каманды Чэхаславакіі - адна з самых тытулаваных у свеце: шэсць разоў выйгравала чэмпіянаты свету, аднойчы Алімпійскія гульні. У 2006-м у Турыне ў чэхаў - бронза.
Нападаючы мінскага Дынама Анатоль Пратасеня. Імя і прозвішча беларускія, але хлопец гаворыць з прыкметным чэскім акцэнтам. Яго сям'я з'ехала ў Прагу даўным-даўно, аднак па волі лёсу Анатоль вярнуўся на радзіму - рабіць кар'еру. З Чэхіяй трымае пастаянную сувязь - гаворыць, там не зразумеюць, калі зборная ў Мінску праваліцца. І жадаюць убачыць гульню каманды ўвачавідкі.


Зборная Чэхіі - адзін з мастадонтаў сусветнага хакея. Чэхі выйгравалі ўсе самыя крутыя спаборніцтвы, але апошні поспех датаваны 2010-м годам. На Алімпіядзе ў Сочы славяне не трапілі ў паўфінал. Гэта няўдача адназначна. А таму няма сумненняў: на чэмпіянаце свету ў Мінску мы атрымаем яшчэ адну каманду, якая прагне рэваншу. Чэхія не можа дрэнна гуляць хоць бы таму, што традыцыі не дазваляюць. Рэзананс ад хакея там заўсёды гучны.


Гэтая краіна падарыла шмат яркіх зорак. Варатар Дамінік Гашак, або Дамінатар ператварыўся ў імя намінальнае. Гуляў на пятым дзясятку гадоў і як гуляў! У Гашака ў галерэі славы ўсе мажлівыя і неймаверныя трафеі. Пад стаць яму і бамбардзір Ярамір Ягр. 42- гады і 6-е месца па колькасці закінутых шайб у гісторыі НХЛ. Нападаючы ўвесь час жартуе на тэму свайго старэчага хакейнага ўзросту і гаворыць, што не сыдзе, пакуль не стане першым. Ярамір акрамя хакейных заслуг, вядомы яшчэ і тым, што атрымаў эпізадычную ролю ў фільме Брат-2.
Ягр па першым клічы адгукаецца на выклік у зборную, жывая легенда прыедзе і ў Мінск, калі акалічнасці не перашкодзяць.


А вось любімчыка мінскай публікі Збынека Іргла ў зборнай Чэхіі не будзе. Шкадуе, гаворыць, прапушчу адзін з лепшых чэмпіянатаў свету.


Нападаючы мінскага Дынама адразу пасля сезона ў КХЛ лёг пад нож - аперацыя на ладыжцы. Без яго ў Беларусі чэхам прыйдзецца складана трапіць у тройку. Глыбіня складу ў іх ужо не тая. Старэйшае пакаленне гульцоў бурчыць, маўляў, у моладзі зараз іншыя прыярытэты.


Пасля няўдалай Алімпіяды ў Сочы чэхі памянялі галоўнага трэнера - гэты факт ужо сам па сабе надасць гульцам імпульс у гульні за зборную. Але і трэнер - таксама не просты. Уладзімір Ружычка быў легендай, калі гуляў, а надзеўшы цывільны касцюм, здолеў двойчы прывесці зборную да золата чэмпіянату свету.


Чэхія зараз на пятым месцы ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея. Гэты вынік амбіцыям краіны відавочна не адпавядае. Ужо на самім старце мінскага чэмпіянату свету іх чакае прынцыповы матч - 9 мая ў Чыжоўка-Арэне памераюцца сіламі выхадцы з адной краіны Чэхаславакіі. І толькі для кагосьці аднаго гэты дзень стане днём перамогі.