Незвычайная трэніроўка з алімпійскім чэмпіёнам па біятлоне

10 ноября 2016

Незвычайная трэніроўка прайшла ў выхаванцаў Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. У якасці настаўніка выступіў чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне, легенда савецкага і сусветнага спорту Аляксандр Ціханаў. Знакаміты атлет часта бывае ў Беларусі. Марыў убачыць, як працуе нядаўна створаны ў Наваполацку Рэспубліканскі цэнтр моладзевага біятлона. На адкрытым алімпійскім уроку пабывала Вольга Маслоўская.

Гэта другая сустрэча выхаванцаў Наваполацкай школы біятлона і знакамітага спартсмена Аляксандра Ціханава. Узяць аўтограф у чатырохразовага алімпійскага чэмпіёна, 11-разовага чэмпіёна свету па біятлоне атрымалася на "Гонцы легенд" у Раўбічах. Тады і запрасілі паглядзець, дзе гадуюць беларускіх чэмпіёнаў.

alextihonov1.jpg

У Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву некалькі аддзяленняў, але біятлон - самае масавае. Нядаўна тут адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр моладзевага біятлона. У эксперыментальную групу адабралі перспектыўных хлопцаў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. Зараз на іх вынік працуе цэлая каманда вопытных настаўнікаў.

У склад нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне сёння ўваходзяць тры выхаванцы Наваполацкага вучылішча. Паціснуць руку легендзе савецкага спорту прыйшоў выпускнік Віктар Крыўко. Чэмпіён Еўропы сярод юніёраў, сёлета ён будзе абараняць колеры беларускага флага на самых прэстыжных стартах. За поспехамі наваполацкага спартсмена Аляксандр Ціханаў сочыць і ўпэўнены: гэта не апошні тытул біятланіста.

У новы сезон выхаванцы Цэнтра моладзевага біятлона коцяцца па шчыльным снезе. Умовы для трэніровак ідэальныя. Круглы год для спартсменаў сучасная траса, аднаўленчы цэнтр, інтэрнат. Госць адзначае: тут зроблена ўсё, каб не адцягваць спартсмена ад трэніровачнага працэсу.

Асаблівая ўвага - трэніроўцы на стрэльбішчы. Нягледзячы на тое што пачынаў Ціханаў як лыжнік, у зброі разбіраецца. Ён мае некалькі аўтарскіх сведчанняў у распрацоўцы спартыўнай стралковай зброі ў суаўтарстве з канструктарамі ІЖМАШа. Заўвагі да маладых спартсменаў у Ціханава ёсць. Але пра іх ён распавядзе трэнерам.

биатлон.jpg

Традыцыйная аўтограф-сесія і пажаданне чэмпіёна зноў сустрэць наваполацкіх спартсменаў на "Гонцы легенд", але ўжо не на гледачовых трыбунах, а на трасе. А яшчэ разам наведаць музей сусветнага біятлона. Яго Ціханаў прапаноўвае адкрыць у Раўбічах. Ідэю падтрымлівае Беларуская федэрацыя біятлона.