Нацыянальная зборная Беларусі па футболе сёння правядзе першы матч у годзе

25 марта 2016

Таварыскі паядынак супраць каманды Арменіі пройдзе ў Ерэване.

Там працуе наша здымачная група і спартыўны карэспандэнт Аляксандр Ярмош. У яго ўсе падрабязнасці. 

Першы крок - ён цяжкі самы. Вядомы выраз як нельга выдатна пасуе сёння нацыянальнай зборнай Беларусі. Адбор на чэмпіянат свету - 2018 наша каманда пачне гульнёй з Францыяй.

Праўда, да яе крыху больш за пяць месяцаў. Аднак нагульванне сувязяў - не меней важны складальнік футбола. Гэтым зборная Беларусі працягне займацца. А пачаў укараняць свой стыль Аляксандр Хацкевіч увосень, заявіўшы, што ў гульне адбору на Еўра са Славакіяй каманда будзе гуляць у той футбол, які трэнер жадае бачыць у далейшым. Чэпкая абарона і агрэсіўная гульня наперадзе тады дала плён. У пятніцу на рэспубліканскім стадыёне ў Ерэване беларусы працягнуць паляпшаць узаемадзеянні. У выязным спісе Аляксандра Хацкевіча 20 футбалістаў. Настрой у каманды сур'ёзны, нягледзячы на таварыскі статус гульні.

Што датычыцца рэйтынгу ФІФА, то беларусы на 64-м месцы, Арменія - 116. Але на такую розніцу не варта зважаць. Хоць бы таму, што ў складзе сапернікаў ёсць Генрых Мхітаран - адзін з лідараў нямецкай "Барусіі-Дортмунд", а таксама Араз Азбіліз, які выступае ў наймацнейшай іспанскай лізе.

Прамая трансляцыя гульні на "Беларусь 5" у 17.55. Не прапусціце першы матч зборнай сёлета.