А вось сапраўдным адкрыццём тэніснага сезона стала наша ўзыходзячая зорка Арына Сабаленка. Учора ў кітайскім Ухане яна ўзяла другі тытул у кар'еры. Зараз да канца сезона ў Арыны ёсць шанцы ўварвацца ў васьмёрку спартсменак, якія згуляюць на выніковым турніры WTA ў Сінгапуры.
Дарога да тытула была няпростай. Сетка была бязлітаснай да нашай тэнісісткі. Але Арына крок за крокам абышла Карлу Суарэс-Навару, Эліну Світоліну, Дамініку Цыбулкаву, Эшлі Барці і ў вырашальным матчы сустрэлася з такой жа маладой і амбіцыйнай Анет Кантавейт. Фінал выдаўся на здзіўленне хуткім і прайшоў цалкам пад дыктоўку Сабаленкі. 6:3 у абодвух сэтах за гадзіну і 14 хвілін.
Арына бярэ другі тытул у кар'еры, зарабляе паўмільёна долараў і ўжо ў панядзелак паднімецца на 16-ы радок сусветнага рэйтынгу.
З бліскучай перамогай Арыну Сабаленку павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: "Сваёй яскравай гульнёй ты заваёўваеш сэрцы мільёнаў прыхільнікаў тэніса па ўсім свеце. Услаўляеш родную краіну і даеш радасць беларускім аматарам спорту. Перад тваім напорам, майстэрствам і верай у свае сілы пасуюць лепшыя тэнісісткі свету. Упэўнены, што заваяванне першага тытула на турніры катэгорыі "Прэм'ер 5" Жаночай тэніснай асацыяцыі - пачатак вялікага шляху да гучных перамог і вышэйшых ступеняў сусветнага рэйтынгу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Балельшчыкі шлюць віншаванні Арыне з усяго свету. За нашу тэнісістку перажывалі не толькі ў роднай Беларусі. Прыхільнікі Сабаленкі захапляюцца яе перамогай, а многія наогул прадракаюць у хуткай будучыні першы радок сусветнага рэйтынгу. Што ж, да віншаванняў далучаемся і мы. Ганарымся нашай спартсменкай.













