Нашы тэнісісткі парадавалі балельшчыкаў

2 января 2019

Першая ракетка Беларусі - Арына Сабаленка - выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў кітайскім Шэнчьжэне. У адной восьмай беларуска не пакінула шанцаў расіянцы Кацярыне Аляксандравай у двух сэтах з аднолькавым лікам - 6:3. У Арыны - 5 эйсаў і 5 брэйкаў.

 

Арына Сабаленка, 13-ая ракетка свету:

"Я, вядома ж, зрабіла высновы пасля першага матча ў сезоне. Папрацавала над памылкамі. Зараз быў добры паядынак. Кацярына паказала выдатны тэніс. Я шчаслівая, што я перамагла. Але больш рада таму, што гуляла лепш, чым дзень таму Заставалася сфакусаванай усю сустрэчу. Дзякуй публіцы за падтрымку".

За выхад у паўфінал спаборніцтваў з прызавым фондам 750 тысяч долараў Сабаленка паспрачаецца з расіянкай Марыяй Шарапавай. Толькі аднойчы спартсменкі перасякаліся да гэтага на кортах. У 2017 годзе ў фінале турніру ў Цяньцзіне мацнейшай была Шарапава. Прамая трансляцыя матча арыенціровачна ў 8:30 раніцы заўтра на "Беларусь 5".

Парадавала балельшчыкаў і Аляксандра Сасновіч. На турніры ў аўстралійскім Брысбене з прызавым фондам амаль 900 тысяч долараў беларуска змагалася з 4-ай ракеткай свету ўкраінкай Элінай Світолінай. Менавіта гэтай спартсменцы Аляксандра прайграла фінал год таму. Зараз рэванш ёсць - 6:4, 0:6, 6:3. Наступнай саперніцай нашай Сашы стане Дона Векіч з Харватыі.

Аляксандра Сасновіч, 30-ая ракетка свету:

"Гэта быў складаны матч. Я добра правяла першы сэт. Цалкам праваліла другі. І мне пашанцавала ўсё ж перамагчы. Аўстралія - мая другая любімая краіна пасля Беларусі. Я люблю фанатаў гэтага турніру. Дона Векіч - добры гулец, выдатны баец. Мы, славянкі, ведаеце, з характарам. Так што будзе добрая гульня".

Паядынак пройдзе ў пятніцу. Двойчы Сасновіч і Векіч змагаліся ў вочным супрацьстаянні. Заўсёды пераможцам заставалася харватка.