Наша зборная выходзіць у сусветную групу Кубка Федэрацыі

18 апреля 2016

Беларусь - у эліце жаночага сусветнага тэніса. Упершыню ў гісторыі наша зборная выходзіць у сусветную групу Кубка Федэрацыі. Учора нашы дзяўчыны ў найскладанейшым супрацьстаянні абгулялі чатырохразовага ўладальніка Кубка Федэрацыі Расію. З яркай перамогай жаночую нацыянальную каманду па тэнісе павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. З кім наша каманда будзе гуляць далей і як адрэагавалі саперніцы на паражэнне - пра перамогу, якая стала сусветнай сенсацыяй, - Алена Гарэльчык.

Той момант, калі сіл на эмоцыі амаль няма. За Аляксандру Сасновіч, Вікторыю Азаранку і ўсю нашу зборную крычалі і радаваліся балельшчыкі.

Самалёт з тэнісісткамі прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце пасля паўдня. Праўда, з усёй чацвёркі дахаты вярнулася толькі Арына Сабаленка. Азаранка, Сасновіч і Гаварцова наўпрост з Масквы адправіліся на чарговыя турніры.

Беларускі ў наймацнейшым дывізіёне гулялі толькі аднойчы - 22 гады таму, дык і тое адзіны матч прайгралі галандкам. Расіянкі не пакідалі сусветную групу апошнія 18 гадоў. Больш за тое, чатыры разы нашы нядаўнія саперніцы выйгравалі сам Кубак Федэрацыі. Але ў асабістай статыстыцы з трох згуляных раней паядынкаў наша зборная выйграла два, зараз вось трэці.

У першую сусветную групу, апроч зборнай Беларусі, з плэй-оф прабіліся каманды ЗША, Іспаніі і Германіі. Чакаюць пачаткоўцаў у эліце фіналісты цяперашняга розыгрышу - францужанкі і чэшкі, а таксама галандкі і швейцаркі.

Няўдачнік першага раўнда будзе змагацца за права застацца ў сусветнай групе. Пераможца ідзе далей. З кім першым будуць гуляць нашы тэнісісткі, вырашыць жэрабя. Ужо дакладна вядома, што матч пройдзе ў лютым наступнага года.

Плюс чатыры пазіцыі ў сусветным рэйтынгу, і Беларусь сёння займае восьмае месца, да трафея ўсяго тры крокі, але цяжкіх. Ці атрымаецца іх зрабіць сёлета, пакажа час. Але, вядома, у сусветнай групе беларускі збіраюцца прапісацца надоўга.