Надзея Скардзіна пасля звышудалага сезона завяршае прафесійную кар'еру

3 июня 2018

Гэтая навіна прагучала з першых вуснаў і адразу трапіла ў ТОП навінных стужак. Алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана ў эстафеце, уладальніца Малога хрустальнага глобуса, бронзавы прызёр Гульняў у Сочы ў індывідуальнай гонцы. Надзея Скардзіна пасля звышудалага сезона завяршае прафесійную кар'еру. 33-гадовая біятланістка думала два месяцы і сваё рашэнне аб’явіла напярэдадні ў прамым эфіры выпуску "Навін" на нашым тэлеканале "Беларусь 1" падчас святкаванняў Міжнароднага алімпійскага дня. Момант атрымаўся па-сапраўднаму кранальным, Надзя ледзь не расплакалася. Праўда, асобныя спартыўныя рэсурсы нават у гэтым убачылі штосьці крамольнае. Але каменціраваць такія пасажы нават не жадаецца.

Беларуская каманда пазбавілася не проста аднаго з лідараў. Спартсменка заўсёды была душой і ўсмешкай каманды. Мы жадаем поспехаў у пасляспартыўным жыцці. Дзякуй Надзеі за ўзрушаючыя пераможныя моманты!

Тым часам Дар'я Домрачава па-ранейшаму ў роздумах. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка рашэнне працягваць кар'еру ці не, аб’явіць у гэтым месяцы.

"Галоўны эфір" далучаецца да пажаданняў поспехаў Надзеі, які б шлях, якую б справу яна не выбрала далей.