Пачатак канікул сёння адзначаюць студэнты

25 января 2018

Са спартыўным запалам на лыжах, снаўбордзе або цюбінгу. Лагойск прымае больш за паўтысячы аматараў зімовых відаў спорту - самых актыўных студэнтаў і выкладчыкаў Белдзяржуніверсітэта. На лыжні яны адзначаюць не толькі паспяховую здачу экзаменаў, але і Дзень Таццяны - сваёй нябеснай апякункі. Аляксандра Кавеліч з падрабязнасцямі.

Нягледзячы на будні дзень, на снежных спусках у Лагойску сапраўдны бум. Будучыя праграмісты, біёлагі, юрысты у спартыўным фармаце тут адзначаюць пачатак канікул. Студэнты і выкладчыкі галоўнай ВНУ краіны сёння ўдзельнікі сімвалічнай студэнцкай алімпіяды.

Самыя актыўныя прадстаўнікі Белдзяржуніверсітэта – сёлета іх больш за паўтысячы – збіраюцца ў Лагойску трэці год запар. Разам адзначаюць не толькі паспяховую здачу экзаменаў, але і Дзень Таццяны – сваёй нябеснай заступніцы. Таму для некаторых сёння імянное свята.

Гэта траса, бадай, адзінае месца, дзе студэнты могуць паспаборнічаць са сваімі выкладчыкамі. Чатыры этапы па 400 метраў усе ўдзельнікі эстафеты праходзяць са спартыўным запалам.

Каб падтрымаць здаровыя ідэі, на лыжню сёлета ўпершыню выйшаў і рэктар БДУ.

Не толькі прадэманстраваць сваю хуткасць, але і атрымаць параду ад прафесійнага спартсмена. Уласнымі сакрэтамі з удзельнікамі эстафеты дзялілася Вольга Назарава. Сёлета знакамітая біятланістка стала хедлайнерам студэнцкага свята.

Не толькі спрынт на роўнай лыжні, але і старт з вышыні. Сёння ў студэнтаў БДУ сапраўднае зімовае мнагабор'е. Бегавыя лыжы хутка мяняюць на горныя і ўжо тэсціруюць крутыя схілы.

Горныя маршруты таксама пераадольвалі на снаўбордзе, а яшчэ мераліся сіламі падчас жартаўлівага турніру па сумо і «вялікім» футболе.