На юніёрскім чэмпіянаце свету па біятлоне ў Раўбічах аншлаг

22 февраля 2015

Добрае надвор'е і сур'ёзная барацьба за медалі. Сёння на юніёрскім чэмпіянаце свету па біятлоне ў "Раўбічах" аншлаг. Адразу чатыры гонкі праследавання. Тры ўжо завяршыліся, апошняя - працягваецца. Прамую трансляцыю вядзе тэлеканал "Беларусь 5". На месцы падзей працуе здымачная група Агенцтва тэленавін.

І зараз на сувязі наш карэспандэнт Аляксандр Ярмаш. У "Раўбічах" таксама сонечна і цікава. У гэтыя хвіліны як раз фінішуюць спартсмены да 21 года, сярод якіх і тры беларусы: Максім Варабей, Віктар Крыўко і Яўген Ліпай. На жаль, не паспяваем паведаміць аб выніках гэтай гонкі праследавання.

А вось біятланісты, чый узрост не перавышае 19 гадоў, закончылі спаборніцтвы каля гадзіны таму.

У ранішняй праграме таксама было дзве гонкі. У першай з іх беглі 19-гадовыя дзяўчаты і балельшчыкі мелі права разлічваць на медалі. Аднак Дар'я Блашко, якая перамагла ў спрынце двума днямі раней, на заключным агнявым рубяжы пачала страляць не па сваіх мішэнях. За промах беларуска была пакарана штрафам 10 хвілін і стала толькі 57-й. Лепшы вынік з нашых спартсменак паказала Дзінара Алімбекава - 12-я пазіцыя. Услед за ёй фінішавалі Ганна Сола і Крысціна Мазурына. Перамогу атрымала нарвежка Інгрыд Тандрэволд. Другое і трэцяе месца заваявалі аўстрыйкі Юлія Швайгер і Сімоне Купфнер. У спаборніцтвах юніёрак лепшай з беларусак стала Таццяна Трыфанава, яна 27-я. Месцы на п'едэстале размеркаваліся наступным чынам: бронза ва ўкраінкі Юліі Журавок, другі радок за казахстанскай спартсменкай Галінай Вішнеўскай, дарэчы, яна трэці раз узышла на п'едэстал гэтага чэмпіянату свету, залатая ўзнагарода ў немкі Мары Хайнрых.

У "Раўбічах" сёння сапраўднае біятлоннае свята. Арганізатары паклапаціліся, каб балельшчыкі адчувалі сябе камфортна. У перапынках паміж гонкамі гледачоў забаўляюць артысты. Ёсць і дзе перакусіць. Біятлонныя балельшчыкі аддаюць перавагу каве і шашлыку. Толькі ў адным пункце, напрыклад, за дзень было з'едзена 300 кілаграмаў мяса.

Спартыўнае свята прадоўжыцца заўтра. У праграме дзве эстафетныя гонкі. У 10:00 выйдуць на старт дзяўчаты, у 13:30 - юнакі. Нагадаем, гэта спартсмены ва ўзросце да 19 гадоў. Па традыцыі "Беларусь 5" будзе весці прамыя трансляцыі.