На веласіпедах у новы сезон

30 апреля 2016

На веласіпедах у новы сезон сёння ўкаціліся ўдзельнікі веласіпеднага карнавалу "Віва-ровар" у Мінску. Арганізатары паставіліся да мерапрыемства сур'ёзна: павялічылі дыстанцыю і прапанавалі веласіпедыстам прыехаць у незвычайных касцюмах. Што з гэтага атрымалася? На веласіпедным свяце пабывала Алена Гарэльчык.

Ехалі мядзведзі на веласіпедзе, а за імі зайцы, ваўкі, касманаўты. І гэта не казка, а вуліцы Мінска, дзе афіцыйна адкрылі новы веласезон.

Аўтамабілісты сёння былі вымушаныя саступіць праспект Пераможцаў веласіпедыстам. 10 кіламетраў 400 метраў - ад парку Перамогі да "Мінск-Арэны" і зваротна - гэта маршрут. 9 тысяч веласіпедыстаў - ад двух і нават тыя, каму за 70. Абмяжоўвалі арганізатары сёння хіба што хуткасць на дыстанцыі. Бяспека - гэта галоўнае.

Карнавальны касцюм - як білет на мерапрыемства, але і без яго прапускалі ўсіх без выключэння. Маска ваўка або касцюм вавёркі - як магчымасць паказаць сваю крэатыўнасць і дадаць весялосці.

Да трох гадзін уся велакалона выстройвалася па кірунку да праспекта Пераможцаў. І быў дадзены старт.

Веласіпед усё больш уваходзіць у жыццё беларусаў. Для шматлікіх гэта не толькі спосаб перамяшчэння. Гэта як лад жыцця. На веласіпедзе на шпацыр і на працу.

Каля 35 хвілін спатрэбілася веласіпедыстам, каб завяршыць сімвалічны заезд. Веласезон адкрыты.