На стадыёне "Дынама" адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў

22 июня 2019

Самай яркай і запамінальнай падзеяй дня мінулага, безумоўна, стала ўрачыстая цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. На стадыёне "Дынама" разгарнуўся сапраўдны інтэрактыўны летапіс Беларусі. Гледачы на трыбунах, тэлеаўдыторыя і высокія госці, сярод якіх лідары іншых дзяржаў, змаглі азнаёміцца з гісторыяй нашай краіны, яе культурай. І ўсё гэта пры дапамозе неверагодных спецэфектаў, як, напрыклад, дракон, што пралятаў над арэнай. Увасобіць ідэі арганізатары змаглі дзякуючы тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.

Пра тое, як гэта было, распавядзе Аляксей Волкаў. У кожнага народа свая гісторыя, якая перадаецца з вуснаў у вусны. І вось так з экспрэсіўным імператывам "Яркі год! Яркі ты!" ў Мінск прыбылі II Еўрапейскія гульні - яшчэ адна глава нашай з вамі гісторыі.

Цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, як і любая маштабная падзея, стракаціць сімваламі і знакамі, якія выходзяць далёка за межы спорту. За маёй спінай над купалам стадыёна "Дынама" загарэлася "Полымя міру" - аб'яднальная ў сваім магнетызме сіла, якая дазваляе Мінску ў гэтыя дні быць цэнтрам спартыўнага і дыпламатычнага жыцця Еўропы.

Зрэшты, аб усім па парадку. Алімпійскія гульні, як і іншыя спартыўныя форумы планетарнага маштабу, нярэдка выкарыстоўваліся для палітычных выказванняў. У гэтым плане ўся цырымонія адкрыцця ў Мінску як вялізны меседж - так, сітуацыя ў міжнароднай палітыцы гатовая ўзгарэцца, але ўсю агрэсію і гарачыя галовы варта накіраваць на барацьбу за медалі.

Журналісты такія мерапрыемствы ўспрымаюць яшчэ і з пункта погляду раскладу палітычных сіл. За трыбунай з высокімі гасцямі сачылі пастаянна, а гэта і прэзідэнт Малдовы, і кіраўнік Босніі, і прадстаўнікі з Расіі - Дзмітрый Мядзведзеў і Рамзан Кадыраў. І такая цырымонія - добры спосаб падглядзець, як палітыкі, забываючы хоць бы ненадоўга пра груз адказнасці, атрымліваюць асалоду ад цырымоніі, з усмешкай, перш за ўсё вачамі - самай шчырай - вітаюць спартсменаў.

Больш за 22 тысячы на стадыёне, мільёны гледачоў ля тэлевізараў назіралі за тым, як квітнее папараць. Галоўны сімвал Гульняў сваім лісцем раскрывае для гасцей і больш як 4 тысяч спартсменаў станаўленне беларускай ідэнтычнасці: ад гарачай купальскай ночы, дзе дзве стыхіі - агонь і вада - сыходзяцца ў нябесным вяселлі, да стварэння ручнікоў. Продкі верылі - гэта абярэг ад бед, войнаў і хвароб.

І калі дыпламатыя - гэта спорт па-за п'едэсталам, то II Еўрапейскія гульні - бітва лепшых з лепшых. 4 тысячы спартсменаў. 50 краін-удзельніц. Усё гэта сышлося на цырымоніі магутным станоўчым імпульсам і разышлося па ўсім свеце.

300 тон абсталявання, тысяча адзінак светлавых прыбораў - "Дынама" стаў самым яркім пунктам кантынента дзякуючы тытанічным намаганням арганізатараў. Цікава, што агульнай атмасферы свята паддаўся і традыцыйна стрыманы кіраўнік Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў і загаварыў на беларускай.

У дадатак фальклорнае і не толькі багацце Беларусі ўступіла ў сімбіёз з сучаснымі тэхналогіямі - гледачы маглі назіраць чырвонага дракона, рой светлячкоў і нават прышэсце зуброў пад запаведны напеў.

І самы хвалюючы момант цырымоніі - запальванне полымя міру ў чашы квітнеючай папараці, агонь, як і голуб міру, заклікае да яркіх перамог на беларускіх арэнах і спартыўных палях.

Так, цырымонія адкрыцця атрымалася неверагодна яркай. Замежныя СМІ, тэлегледачы і шматлікія госці яшчэ доўга будуць абмяркоўваць выступленне опернай дзівы Ганны Нятрэбкі, парад спартсменаў і лічбавых вартавых беларускага неба - буслоў. А мы, беларусы, напісалі яшчэ адну главу сваёй сучаснасці. Бо ў кожнага народа свая гісторыя, якая перадаецца з вуснаў у вусны.