На стадыёне "Дынама" сёння пройдзе генеральны прагон цырымоніі адкрыцця

19 июня 2019

Старт спартыўным спаборніцтвам дасць урачыстая цырымонія адкрыцця 21 чэрвеня. Падрабязнасці  арганізатары трымаюць у сакрэце. Тым не менш, некаторым усё ж удасца ўбачыць шоу на свае вочы. Сёння вечарам на стадыёне "Дынама" пройдзе генеральны прагон  з гледачамі. 

Акрамя прадугледжаных рэгламентам парада атлетаў і запальвання агню, публіку чакае высокатэхналагічная шоу-праграма. Паказ дзеліцца на 8 тэматычных блокаў  (большую частку  будуць суправаджаць спецэфекты). Відовішчнасці нададуць і прафесійныя танцоры. Назіраць за цырымоніяй  будзе камфортна  незалежна ад рада і сектара  дзякуючы спецыяльна спраектаванай сцэне.

Трэніравацца ў рэжыме прамога эфіру будуць і тэлевізіёншчыкі. Спецыялісты Белтэлерадыёкампаніі  ў тандэме з  дамашнім вяшчальнікам  забяспечаць тэлетрансляцыю. За ўсім, што будзе  адбывацца ўнутры чашы  "Дынама",  будуць сачыць каля трох дзясяткаў камер, многія з іх спецыяльнага прызначэння. Напрыклад, міні-аб'ектывы на лёгкаатлетычнай дарожцы. Назіраць за ўрачыстай цырымоніяй  можна будзе з усіх кантынентаў.