На стадыёне "Дынама" пачалася падрыхтоўка да цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў

24 мая 2019

Тры тысячы квадратных метраў экранаў і тысяча светлавых галоваў: на стадыёне "Дынама" пачалася падрыхтоўка да цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Мантаж стартаваў 15 мая. У Мінск ужо прыбылі 10 фур - гэта прыкладна 70 тон абсталявання. А агульны аб'ём задзейнічанай тэхнікі складзе каля 300 тон. У цэнтры поля размесціцца вялікая паваротная сцэна з пад'ёмнымі механізмамі. Зараз манціруюць тросавую падвесную сістэму - гэта навінка, якая ўпершыню выкарыстоўваецца на тэрыторыі СНД. На цырымоніі адкрыцця будзе задзейнічаная тэхналогія дапоўненай рэальнасці. Каб скарыстацца гэтай унікальнай магчымасцю і ўбачыць 3D-элементы шоу, гледачам неабходна будзе ўсталяваць на свае смартфоны або планшэты бясплатны мабільны дадатак. 

Гасцей цырымоніі чакае не толькі яркае шоу, але і магчымасць прыняць у ім непасрэдны ўдзел - дзякуючы спецыяльнаму гледачоваму рэквізіту, які застанецца на памяць як прыемны сувенір. Кожны госць знойдзе на сваім месцы набор падарункаў, у тым ліку рукзак і бранзалет, які свеціцца. Арганізатары трымаюць у сакрэце імя хэдлайнера свята, аднак адзначаюць, што гэта - зорка сусветнага ўзроўню.