На Калядны турнір прыбылі ўдзельнікі са Швецыі, Швейцарыі і Расіі

3 января 2018

Пачнем выпуск з самай чаканай зараз у нашай краіне спартыўнай падзеі, якая традыцыйна пачынае год, - гэта Калядны турнір па хакеі сярод аматарскіх каманд на прыз Прэзідэнта Беларусі. Ён стартуе заўтра. Услед за камандай ААЭ, якая прыляцела ўчора, сёння ўжо прыбылі ўдзельнікі са Швецыі, Швейцарыі і Расіі. У складзе нашых усходніх суседзяў прыехаў уладальнік Кубка Стэнлі 1998 Ян Галубоўскі, які выступаў у клубе НХЛ "Дэтройт Рэд Уінгз". Сёння ўвечар каманды правядуць трэніроўкі на лёдзе.

Ніклас Лілья, варатар каманды Швецыі па хакеі: "Я ўпершыню да вас прыехаў - рады, што патрапіў у каманду, акрамя спаборніцкага моманту, хачу ўбачыць вашу сталіцу – шмат чуў пра яе прыгажосці ад сваіх сяброў, якія тут былі. А што датычыцца турніру, то мы да яго рыхтуемся вось ужо 3 тыдні, выйграць будзе складана, бо разумеем, што фаварыты - каманда вашага Прэзідэнта і Расіі".

XIV Калядны турнір заўтра адкрыецца матчам паміж Швейцарыяй і Кітаем, а ўвечар таксама ў групе А беларусы згуляюць з камандай Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. У пятніцу гаспадары прымуць кітайцаў, а ў заключны дзень групавога этапу - супрацьстаянне са Швейцарыяй. Пераможцы груп па традыцыі 7 студзеня аспрэчаць галоўны трафей турніру. Другія каманды ў квартэтах згуляюць за бронзавыя медалі.