На радзіме Ірыны Крыўко ў горадзе Сянно адкрылася сучасная біятлонная база

17 февраля 2018

На радзіме адной з удзельніц сённяшняга мас-старту - Ірыны Крыўко - у горадзе Сянно Віцебскай вобласці, дзе спартсменка рабіла свае першыя алімпійскія крокі, адкрылася сучасная біятлонная база. Зараз там займаюцца каля ста юных спартсменаў.

Расказвае Марына Раманоўская.

Мікіта Мельнікаў шэсць гадоў займаецца біятлонам. Гаворыць, што заўсёды бачыў сябе ў гэтым прыгожым відзе спорту. Аддзяленне біятлона ў Сенненскай СДЮШАР адкрылася больш за 15 гадоў таму. Зараз гэта адзін з самых папулярных відаў спорту ў рэгіёне. Новую спартыўную базу тут чакалі ўсе выхаванцы і трэнеры.

Маштабная рэканструкцыя спартыўнай базы доўжылася некалькі гадоў. Асаблівая ўвага лыжаролернай трасе. Яе працягласць 750 метраў. Уся дыстанцыя поўнасцю асветлена. Умовы, падкрэсліваюць спартсмены, аптымальныя для трэніровак у вячэрні час.

Свае першыя крокі ў біятлоне тут рабіла і Ірына Крыўко. Сярод шматлікіх гасцей на ўрачыстым адкрыцці спартыўнай базы і мама біятланісткі. Упэўнена: нашы спартсмены могуць паказваць лепшыя вынікі.

Новы спартыўны комплекс стаў сапраўдным упрыгажэннем райцэнтра. Але галоўнае - унутры. Пра такі цір, расказваюць трэнеры, тут марылі даўно. Зараз прасторнае памяшканне ў поўным распараджэнні юных спартсменаў.

Сучасная спартыўная зала, трэнерская, пакой адпачынку. Выдатным падарункам, гавораць юныя біятланісты, стаў і вялікі тэлевізар. Уся ўвага прамым трансляцыям з Пхёнчхана.