У Мінску стартуе юніёрскі чэмпіянат свету па хакеі ў першым дывізіёне

9 апреля 2016

Шэсць каманд аспрэчаць адну пуцёўку ў элітны дывізіён. Сярод галоўных прэтэндэнтаў на павышэнне ў класе - зборная Беларусі.

Расказвае Павел Капуцкі: Афіша падрабязна расказвае хто, з кім і ў колькі будзе гуляць. Флагі краін-удзельніц дабаўляюць значнасці турніру. Да чарговага буйнога чэмпіянату "Чыжоўка-Арэна" гатовая.

Напярэдадні ўсе каманды выпрабавалі лёд галоўнай пляцоўкі. Маладыя гульцы яшчэ не так шмат бачылі, але ўсё роўна ўражаныя. Зрэшты, для іх галоўнае зараз паказаць сябе.

Зборная Германіі, мабыць, галоўны канкурэнт Беларусі ў барацьбе за першае месца. Немцы толькі на мінулым чэмпіянаце пакінулі элітны дывізіён і вельмі хочуць вярнуцца.

Нарвежцы не такія амбіцыйныя. У лютым скандынавы гулялі тут у Кубку сталіцы, дзе ўступілі гаспадарам, 2:4.

Турнір адкрывае паядынак французаў і аўстрыйцаў. У 15:30 матч Германія-Нарвегія. У 19 гадзін Беларусь пазмагаецца з Казахстанам. Прамая трансляцыя на "Беларусь 5". Уваход на ўсе гульні турніру свабодны.

Балельшчыкі ўжо паспелі забыцца, калі юніёрская зборная Беларусі гуляла ў элітным дывізіёне. Гэта было ў 2010 годзе. Самы час вярнуцца. І родныя сцены павінны дапамагчы.