На Алімпійскіх гульнях - чарговы трыумф беларускага спорту

19 февраля 2014

Учора ўвечар прайшлі ўрачыстыя цырымоніі ўзнагароджання Дар'і Домрачавай і Антона Кушніра. У выніку на Медалс плаза гімн нашай краіны гучаў двойчы. Беларусь праводзіць самыя паспяховыя Гульні ў сваёй гісторыі. Рэпартаж з Сочы - нашага спецыяльнага карэспандэнта Мікалая Стулы.



У Сочы беларусы заваявалі пяць залатых алімпійскіх медалёў. Гэта не толькі сур'ёзнае спартыўнае дасягненне, гэта абсалютны рэкорд краіны: нават на летніх Гульнях у Пекіне, дзе было нашмат болей дысцыплін, Беларусь узяла свой максімум, роўны чатыром узнагародам вышэйшай пробы. Зараз у нашага максімуму новая планка.


Дар'я Домрачава трэці раз прыйшла на Медалс плаза па залатую ўзнагароду. Яна зараз - самы папулярны чалавек на Алімпіядзе. Гэта нават не паддаецца сумненню: тройчы стаць чэмпіёнам на адных Гульнях выпадае адзінкам, у маштабах жа нашай краіны Домрачава - сапраўдная гераіня. Народную любоў да яе немагчыма вымераць.


Домрачава за свае дасягненні ўжо ўдастоеная ад Прэзідэнта краіны звання Героя Беларусі. Фрыстайліст Антон Кушнір пакуль саступае біятланістцы ў тытулах, але ў панядзелак ён таксама дасягнуў піка сваёй кар'еры. Алімпійскае золата ў мужчынскай акрабатыцы на другіх Гульнях запар адпраўляецца ў нашу краіну: гэта грандыёзнае дасягненне, улічваючы суб'ектыўнасць віду спорту.


Шэсць узнагарод за пяць дзён да канчатка Алімпіяды - па-сапраўднаму ацаніць гэты грандыёзны поспех Беларусі здольны толькі час. Наша краіна ў медальным заліку вышэй за Кітай, Канаду, Польшчу, Францыю, Італію, Вялікабрытанію і іншыя дзяржавы, большыя і тэрыторыяй, і насельніцтвам.