На Алімпіядзе ў Рыа 7-ы спаборніцкі дзень

12 августа 2016

Уладзімір Самсонаў спыніўся за крок ад п'едэстала, Віталь Бубновіч - за два. У фінал прабіліся штурхальніцы ядра, за медалі барацьбу працягне і вясляр Шчарбачэня.

Чым запомніўся гэты алімпійскі дзень - з Рыа рэпартаж Вольгі Макей. Менавіта адгэтуль, з міжнароднага вяшчальнага цэнтра, трансляцыі алімпійскіх спаборніцтваў разлятаюцца па ўсім свеце. Патэнцыйная аўдыторыя Гульняў - 5 мільярдаў чалавек. Вядома, мінулай ноччу ўся ўвага была прыкаваная да дуэлі за бронзу беларуса Самсонава і японца Мізутані.

Уладзімір Самсонаў прэтэндуе на свой першы алімпійскі медаль у кар'еры, калі ў Мінску глыбокая ноч. Самыя заўзятыя балельшчыкі на іншым канцы зямлі, вядома, не спяць. Моцная падтрымка - і на трыбунах Рыа. Сапернік - гулец з рэйтынгам вышэйшым за беларуса, ва Уладзіміра яшчэ і траўма, атрыманая ў бітве з Аўчаровым за выхад у паўфінал. Пасля паядынку ён прызнаецца: рабро, вядома, нагадвала аб сабе. Сказаць, што матч драматычны - не сказаць нічога. Першыя два сэты Самсонаў аддае саперніку. А ў трэцім упэўнена выйграе. Вызначальнай становіцца 4 партыя. Апаненты дайграюцца да ліку 10:10. Вазьмі Уладзімір гэты сет, варыянты б заставаліся.

Праўда, як ужо пасля паядынку прызнаўся трэнер, кожны рэзкі рух прычыняў Самсонаву боль. Ён імкнуўся, гуляў насуперак, але калі змагаешся за бронзу Алімпіяды, вядома, трэба быць у аптымальных кандыцыях. Менавіта таму ў мікст-зоне ён не выглядаў засмучаным. Хоць у душы, напэўна, бурлілі іншыя эмоцыі.

Пакуль да медалёў Уладзімір Самсонаў наблізіўся бліжэй за іншых беларусаў. Сваё выступленне на Алімпіядзе сёння завяршылі і стралкі. Лепш за іншых сябе паказаў Віталь Бубновіч. Яму атрымалася прабіцца ў фінал стральбы з малакалібернай вінтоўкі з 50 метраў лежучы і заняць там 5 месца. Яго партнёр Юрый Шчарбацэвіч не здолеў пераадолець кваліфікацыю.

Кацярына Карстэн, для якой гэтыя Гульні ўжо сёмыя, сёння ў паўфінальным заездзе заняла толькі 5 месца. Такім чынам, першай двухразовай алімпійскай чэмпіёнцы ў гісторыі суверэннай Беларусі не атрымалася прабіцца ў фінал адзіночак.

У суботу барацьбу за медалі працягне Станіслаў Шчарбачэня. Сёння ён у кампаніі новазеландца і бельгійца атрымаў білет у фінал лодак-адзіночак, заняўшы другое месца ў сваім заездзе. Паўфінал для беларуса складаўся няпроста, на трох кантрольных адрэзках ён быў на прамежкавай пятай пазіцыі, а шанец працягнуць барацьбу за п'едэстал даваўся толькі тром лепшым. На заключным этапе прыйшлося сур'ёзна дадаць. Атрымалася.

Гэтай ноччу за трапленне ў чвэрцьфінал змагаўся і беларускі баксёр Міхаіл Далгалевец. У дуэлі яму трапіў няпросты сапернік з Казахстана. Адыльбек Ніязымбетаў - срэбраны прызёр Алімпіяды ў Лондане. У Рыа прыехаў відавочна па золата. Такая матывацыя апынулася мацнейшай. Прадстаўнік Казахстана забяспечыў сабе месца ў чвэрцьфінале аднагалосным рашэннем суддзяў. За паядынкам з трыбун назіраў і Дзмітрый Асанаў. Ён - адзіны з беларускіх баксёраў, хто працягвае выступленне ў Рыа. Наперадзе бой за чвэрцьфінал з прадстаўніком Манголіі. Ён прызначаны на 14 жніўня. Як раз ёсць час для таго, каб дасканала вывучыць саперніка і выстраіць тактыку на маючую адбыцца дуэль.

Сёння на Алімпіядзе барацьбу за медалі пачалі і прадстаўнікі лёгкай атлетыкі. Кваліфікацыйны турнір правялі штурхальніцы ядра. У лік 12 фіналістак прабіліся дзве беларускі - Алена Абрамчук і Алёна Дубіцкая.