Сапраўднае мастацтва і спартыўны запал пераплятаюцца на сталічным лёдзе. Сёння на "Мінск-Арэне" стартаваў чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. Маштабны форум Беларусь прымае ўпершыню. Зараз у раскладзе спартсменаў з 27 краін - афіцыйныя трэніроўкі, адкрытыя для гледачоў. А спаборніцтвы пачнуцца ў сераду з кароткай праграмы сярод жанчын. У перапынку паміж спартыўнымі выступленнямі балельшчыкі і спартсмены змогуць бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі і культурай нашай краіны - арганізаваныя тэматычныя экскурсіі; забаўляльныя лакацыі з'явяцца і на самой "Мінск-Арэне" - там разгорнецца вялікая фанзона.
Дарэчы, перад стартам чэмпіянату вялікую працу правялі і на самой спартыўнай пляцоўцы. Для выканання складаных элементаў на каньках патрабуецца асаблівая якасць лёду.
Кантынентальны форум працягнецца да канца тыдня. Каб чэмпіянат прайшоў на высокім узроўні, задзейнічаныя і некалькі сотняў валанцёраў.













