На "Мінск-Арэне" ідзе кваліфікацыя ў індывідуальных скачках на батутах у мужчын

25 июня 2019

Перамяшчаемся на "Мінск-Арэну". Гэта пляцоўка ўжо стала ўдалай для беларусаў. Тут за чатыры спаборніцкія дні заваявана 12 медалёў. Сёння спарткомплекс прымае батутыстаў.

На сувязі са студыяй Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).   У гэтыя хвіліны на "Мінск-Арэне" ідзе кваліфікацыя ў індывідуальных скачках у мужчын. 24 прэтэндэнты на пападанне ў фінал, дзе за медалі пазмагаюцца толькі 6 спартсменаў. Удзельнікі разбітыя на 2 групы па 12 чалавек у кожнай.

Беларусь у гэтым відзе праграмы прадстаўляюць Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў. Нашы трапілі ў другую групу. Уладзіслаў выступіць пад другім стартавым нумарам. Алег - дзясятым. Гэта добра. Бо да моманту сваёй кваліфікацыі хлопцы будуць ужо ведаць вынікі асноўных канкурэнтаў, напрыклад, таго ж расіяніна Андрэя Юдзіна, які стаў бронзавым прызёрам на апошнім чэмпіянаце свеце. Такім чынам, Уладзіслаў і Алег выйдуць на памост не раней за 16:00. Фінал стартуе ў 20:00.

А ў 18:50 пачнецца розыгрыш медалёў у жаночых пар. Беларусь у сінхронных скачках прадставіць дуэт Ганны Ганчаровай і Марыі Махарынскай. Нагадаю, учора Ганна стала бронзавым прызёрам. Паралельна на "Мінск-Арэне" будзе разыграны камплект узнагарод у спаборніцтве па спартыўнай аэробіцы. Сёння на паркет выйдуць групы, усяго 8 каманд. Беларусь замыкае праграму.