На мажорнай ноце завяршаюць розыгрыш Кубка свету беларускія фрыстайлісты

20 февраля 2016

У Раўбічах, якія прымалі сёння заключны этап спаборніцтваў, Максім Гусцік выйграў серабро, а Аляксандра Раманоўская стала бронзавым прызёрам. Спаборнічаць лыжным акрабатам давялося ў няпростых умовах надвор'я. Складаная задача па падрыхтоўцы схілу да спаборніцтваў стаяла і перад арганізатарамі. З усімі цяжкасцямі, праўда, справіліся і высокія ацэнкі ад удзельнікаў спаборніцтваў таму пацвярджэнне. Прамую трансляцыю беларускага этапу Кубка свету вёў тэлеканал "Беларусь 5", аднак некалькі сотняў балельшчыкаў прыехалі непасрэдна на месца падзей, каб сваімі вачамі ўбачыць майстэрства лыжных акрабатаў. Наша здымачная група не стала выключэннем.

Старт у Раўбічах павінен быць перадапошнім, а стаў завяршальным. З-за анамальна цёплага надвор'я іспанскі этап Кубка свету адмянілі. Пытанне быць або не быць спаборніцтвам пад Мінскам таксама доўгі час вісела ў паветры. Калі ў студзені праблем са снегам не было, то ў лютым прыйшлося звярнуцца да штучнага. Адказваць за схіл прызначылі Дзмітрыя Дашчынскага.