На лёдзе "Чыжоўка-Арэны" ў гэтыя дні праходзіць Кубак Мінска па хакеі

27 июля 2017

Аналагаў гэтаму турніру ў міжсезонне няма. Кубак арганізавала мінскае "Юнацтва", і ўжо сёння каманда Міхаіла Захарава правяла прынцыповы матч з другім сталічным клубам - "Дынама". Усе падрабязнасці - у рэпартажы Крысціны Камыш.

Арганізацыя Кубка Мінска пачалася ў студзені. Аднак перадумовы зараджэння гэтага турніру з'явіліся яшчэ мінулым летам. Тады на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" таварыскія гульні правялі мінскае "Юнацтва", маскоўскае "Дынама" і "Югра" з Ханты-Мансійска. Так быў створаны Кубак Мінска - турнір, аналагаў якому па ўзроўні складу ўдзельнікаў у міжсезонне на постсавецкай прасторы папросту няма.

Кубак разыгрываюць 6 каманд з 3 краін. Ад Беларусі заяўленыя два самыя знакамітыя клубы - "Юнацтва" і "Дынама". Расію прадстаўляе "Дынама" маскоўскае, якое яшчэ нядаўна двойчы запар станавілася ўладальнікам Кубка Гагарына, трохразовы чэмпіён краіны "Лакаматыў" з Яраслаўля, які ў 9-м сезоне КХЛ у сакавіку біўся ў фінале Заходняй канферэнцыі з піцерскім СКА, а таксама "Югра" з Ханты-Мансійска. За Латвію выступае "Дынама-Рыга".

Аляксей Кудашоў, галоўны трэнер ХК "Лакаматыў" (Яраслаўль, Расія): "Гэты турнір падводзіць вынік першаму нагрузачнаму цыклу вось гэтымі гульнямі. Удзельнікі добрыя, выдатныя каманды. Падбор выдатны. Колькасць гульняў дастатковая для гэтага часу. Я лічу, што ўсё добра".

Андрэй Шорац, старшыня Мінгарвыканкама: "Гэта не толькі карысна для хакеістаў, для спробы сілы перад сезонам, але і для балельшчыкаў, якіх, як вы бачыце, з кожным матчам усё больш".

Арганізацыя Кубка запатрабавала мінімальныя выдаткі. Усе ўдзельнікі прыехалі ў сталіцу на турнір за свой кошт. А, напрыклад, "Югра" і зусім правяла на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" перадсезонны збор.

Аляксей Торбін, намеснік гендырэктара ХК "Юнацтва-Мінск": "Мы адзінае - далі лёд "Чыжоўка-Арэны" і раздзявалкі. Гэта значыць, гэта інвестыцыі ў горад, безумоўна. Традыцыю праводзіць тут перадсезонны збор для "Югры" мы ўжо зарадзілі, будзем падцягваць іншыя каманды".

У планах у арганізатараў - зрабіць Кубак Мінска традыцыйным. Як мінімум госці сталіцы гэтую ідэю падтрымліваюць.

Цэнтральны ж паядынак усяго турніру - сталічнае дэрбі. Супрацьстаянне "Юнацтва" і "Дынама" сабрала на арэне амаль 4 тысячы чалавек. Як вынік: каманда Міхаіла Захарава перамагла "бела-сініх" 5:2.

Заўтра на турніры апошні дзень групавой стадыі. У 15:00 рыжскае "Дынама" згуляе з "Югрой". У 7 вечара сталічнае "Юнацтва" сустрэнецца з маскоўскім "Дынама". У суботу пройдуць стыкавыя матчы за выніковыя пазіцыі. Трансляцыі гульняў вядзе тэлеканал "Беларусь 5".