На коне - выхад у паўфінал

22 мая 2014

Сусветнае хакейнае першынство прайшло экватар двухтыднёвай спаборніцкай сеткі, але градус барацьбы і дух саперніцтва тут расце з кожнай гадзінай… Сёння каманды Беларусі, Швецыі, Расіі, Францыі, ЗША і Чэхіі, Канады і Фінляндыі гуляюць на вылет. На коне - выхад у паўфінал. Першая інтрыга вырашылася ў матчы Чэхія - ЗША. Высветлілі адносіны ў цяжкавагавым супрацьстаянні Расія і Францыя. Канадцы скрыжавалі клюшкі з фінамі. І ўжо як нідзе зараз горача на трыбунах Мінск-Арэны. У гэтыя хвіліны на лёд выйшлі зборныя Беларусі і Швецыі. Ці атрымаецца нашай зборнай паўтарыць свой алімпійскі поспех у Солт-Лейк-Сіці, калі каманда Беларусі ў чвэрцьфінале перайграла шведаў. Такім чынам, хварэем за нашых, а аб дыспазіцыі перад матчам і выніках сённяшніх ужо згуляных паядынкаў распавядзе Андрэй Іваноў.



Складана сказаць, што стаяла за гэтымі эмоцыямі гульцоў зборнай Чэхіі. На 58-й хвіліне славяне вялі ў матчы з амерыканцамі 4:1, на 49-й лік быў ужо 3:4.



Чэхі змаглі дацярпець і першымі выйшлі ў паўфінал. Лідар каманды Ярамір Ягр у мікст-зоне выглядаў расчараваным.


Ярамір Ягр, нападаючы зборнай Чэхіі па хакеі: Вельмі цяжкая гульня. Праблемы стварылі сабе самі... Такія шкалярскія памылкі, якія мы зрабілі, недазваляльныя для прафесіяналаў.



Другой камандай, якая аформіла пуцёўку ў паўфінал, стала Расія. Зборная Алега Знарка сустракалася з Францыяй. Год таму ў Швецыі расіяне былі сенсацыйна бітыя трохкаляровымі, сёння ж усё было прадказальна. Анісімаў, Малкін і Кутузаў закідваюць па шайбе і спакойна завяршаюць паядынак.


У 20:00 на лёд Чыжоўка-Арэны выйшлі зборныя Канады і Фінляндыі. Праз гадзіну стартавае ўкідванне адбылося і на Мінск-Арэне. Беларусь - Швецыя, каманда-гаспадыня супраць дзеючых чэмпіёнаў свету…


Здавалася б, дыспазіцыя ясная, шанцаў мала, але ў жыцці заўсёды ёсць месца для цуду...



У лютым 2002 яго здзейсніў Уладзімір Копаць. На Алімпіядзе ў Солт-Лейк-Сіці мы абгулялі патэнцыяльных чэмпіёнаў, 4:3 і выйшлі ў паўфінал.


Шведскія журналісты, якія прыехалі працаваць у Мінск на чэмпіянат свету, добра памятаюць блокбастар пад назвай Цуд на лёдзе - 2.


Ніклас Вікегард, эксперт тэлеканала TV4 (Швецыя): Гэта быў шок для ўсіх шведаў… Сціплая ў хакейным плане Беларусь абгуляла зорак-мільянераў з НХЛ.




Ларс Гранквіст, каментатар тэлеканала TV4 (Швецыя): Я каменціраваў той матч, памятаю яго дэталёва. Для беларусаў гэта была галоўная хакейная перамога, для шведаў горшы паядынак, які толькі можна ўспомніць. У гісторыі нашага спорту ёсць 2 чорныя даты. Першая - 1936 год, мы прайгралі Японіі ў футбольным матчы на летніх Алімпійскіх гульнях, другая - 2002 год, чвэрцьфінал гульняў у Солт-Лейк-Сіці. Напэўна, усе шведы памятаюць кідок Копаця… Томі Сала таксама памятае, упэўнены.



Герой Солт-Лейк-Сіці, Уладзімір Копаць, і сам усё памятае добра. Гаворыць, перад матчам шанцы заўсёды 50/50.



Уладзімір Копаць, экс-абаронца зборнай Беларусі па хакеі: Мы для іх з'яўляемся нязручнымі, не скажу, што яны для нас зручныя. Зборная Беларусі для шведаў нязручны сапернік.



Меркаванні ж балельшчыкаў перад матчам падзяліліся. Тых, хто ставіць на перамогу гаспадароў турніру, значна менш.



Так, шведы добрыя ва ўсіх лініях, гавораць дасведчаныя людзі, але здавацца раней часу…


Уладзімір Юрзінаў, двухразовы чэмпіён свету па хакеі: Вы, беларусы, у сябе заўсёды не верыце, добрая каманда ў вас, вы яшчэ шведаў абгуляеце.