Сёння, у перадапошні дзень Алімпіяды ў Пхёнчхане, разыгрываюцца восем камплектаў узнагарод. Ужо завяршыўся мас-старт у лыжных гонках. У марафоне на 50 кіламетраў класічным ходам першым фінішную рысу перасёк фінскі стаер Ійва Нісканен. Беларус Міхаіл Сямёнаў заняў 44-е месца.
І зараз наша ўвага пераключаецца на канькабежны авал Канына. Сёння тут праходзяць мас-старты. У жанчын ад Беларусі былі заяўлены Марына Зуева і Таццяна Міхайлава. Зуева бегла ў першай кваліфікацыі і адабралася ў фінал. Міхайлава ў вырашальную стадыю не прабілася. Фінальны забег у жанчын пачнецца ў 15:30. У мужчын у гэтай жа дысцыпліне зараз свае лепшыя секунды імкнецца паказаць Віталь Міхайлаў. Ён бяжыць у другой кваліфікацыі. Прамую трансляцыю з Пхёнчхана вядзе тэлеканал "Беларусь 5".