На II Еўрапейскіх гульнях у 2019-м у Беларусі лёгкая атлетыка паўстане ў новым фармаце

24 ноября 2017

Яшчэ адной рэзананснай тэмай адыходзячага тыдня стане рашэнне, прынятае сёння на 46-й Генасамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Яна пачала сваю працу ў харвацкім Заграбе. Дык вось, паводле яго, на II Еўрапейскіх гульнях, якія ў 2019-м пройдуць у Беларусі, каралева спорту - лёгкая атлетыка - паўстане ў цалкам новым выглядзе, у новым фармаце. Нагадаю, што ў праграме спаборніцтваў - 15 відаў спорту, шматлікія з якіх стануць адборачнымі на летнія Алімпійскія гульні ў Токіа. Што абмяркоўвалі ў Харватыі - рэпартаж Андрэя Казлова.

45-я Генасамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Мінск, кастрычнік 2016-га. Вынік для нас гістарычны: аднагалосна Мінску аддаюць права правядзення II Еўрапейскіх гульняў.

Праца па стварэнні аргкамітэта пачынаецца тут жа. Вызначаюцца аб'екты, якія падлягаюць рэканструкцыі. Неўзабаве вядомыя 15 відаў спорту, а таксама якія з іх будуць кваліфікацыйнымі на Алімпіяду ў Токіа. На сёння працягваецца конкурс на сімвал II Еўрапейскіх гульняў.

Праз год на 46-й Генасамблеі ЕАК у харвацкім Заграбе Беларусь - як краіна-арганізатар найбліжэйшай еўрапейскай алімпіяды - у цэнтры ўвагі. Самая гучная заява датычыцца лёгкай атлетыкі. У Мінску від спорту перажыве сапраўдную рэвалюцыю.

Такім чынам, 30 каманд прымуць удзел у спаборніцтвах. У складзе кожнай - больш як 20 спартсменаў, мужчын і жанчын. 10 самых папулярных лёгкаатлетычных дысцыплін. Пяць дзён у фармаце накаўт-раўнда. І ў фінале мы ўбачым шасцёрку лепшых зборных. Сапраўдны лёгкаатлетычны трылер, дзе не кожны сам за сябе, а за каманду.

Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, як ужо паведамлялася, пройдуць на стадыёне "Дынама" ў Мінску. Тут жа адбудзецца і цырымонія адкрыцця 21 чэрвеня 2019 года.

У Заграбе ж усіх цікавіла і інфраструктура, якая прыме II Еўрагульні. Яе станам усе засталіся задаволеныя.

У Баку падчас I Еўрагульняў прымалі ўдзел больш як 6000 тысяч спартсменаў з 50 краін. 10 залатых, 11 срэбных і 22 бронзавыя ўзнагароды ў нашай зборнай і 7 месца ў агульнакамандным заліку. Гэтым разам Беларусь на правах гаспадыні будзе разлічваць на больш высокі вынік, бо Азербайджан у 2015-м стаў другім у сябе дома, уступіўшы толькі Расіі. І менавіта вось гэтая эмблема менш чым праз два гады будзе прыцягваць увагу ўсяго спартыўнага свету.

Пасля Алімпіяды ў Пхенчхане найбуйнейшы міжнародны старт - II Еўрагульні ў Мінску. Да зімовых Гульняў ужо ўсе лічаць дні. І пасля іх завяршэння мы будзем адлічваць час да старту беларускіх спаборніцтваў.