На Гульнях у Токіа выкласціся па максімуме. Аб медальных перспектывах гаварылі сёння на алімпійскім сходзе

19 ноября 2019
Наконт  адказнасці спартсменаў і медальных перспектыў  гаварылі сёння на алімпійскім сходзе

Максімальны вынік на Гульнях у Токіа - пытанне адказнасці спартсмена перад краінай. Сёння на алімпійскім сходзе абмеркавалі медальныя перспектывы і шляхі развіцця спартыўнай галіны Беларусі.

Спорт высокіх дасягненняў: мэты і магчымасці


Самая пільная ўвага - летнім алімпійскім відам. Добры вынік, які прадэманстравалі беларусы на дамашніх Еўрапейскіх гульнях,  не прычына для самазаспакаення. Канкурэнцыя на сусветным узроўні  значна больш сур'ёзная. Практычна ўсе чэмпіянаты свету гэтага сезона ўжо завершаны, таму можна падводзіць вынікі. Нашы атлеты заваявалі восем узнагарод, дзве з іх залатыя. Асноўныя надзеі на галоўным старце чатырохгоддзя звязаны з веслярамі і пяціборцамі. У той жа час шэраг відаў спорту і дысцыплін, у якіх беларусы традыцыйна моцныя, да прызавых месцаў на сусветным узроўні не дацягвае. Адсюль і складанасці  яшчэ на этапе адбору на Гульні ў Токіа.

Узнагарода за вынік


Для спорту вышэйшых дасягненняў у краіне зроблена нямала, бо вынікі атлетаў - гэта імідж краіны. І менавіта за вынік будзе адпаведная ўзнагарода. Такі падыход дзейнічае не першы год, а ўсе вынікі алімпійскага цыкла падвядуць у будучым годзе.
 

Віктар Лукашэнка абраны на пасаду першага віцэ-прэзідэнта НАК


Вырашалі сёння і арганізацыйныя пытанні. На пасаду першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта абраны Віктар Лукашэнка. Яго кандыдатуру падтрымалі ўдзельнікі алімпійскага сходу. 

Узнагародзілі легендарных спартсменак


Сёння ж былі адзначаны нашы легендарныя спартсменкі. Кацярына Карстэн і Аляксандра Герасіменя  шмат гадоў былі ў топе сусветных рэйтынгаў веславання і плавання, адзначыліся і на вяршыні подыумаў чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў. За высокія спартыўныя дасягненні, а таксама вялікія заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця спартсменак узнагародзілі ганаровымі знакамі НАК Беларусі.

На шляху да Токіа


Барацьба за права выступіць на Гульнях у Токіа прадоўжыцца да канца чэрвеня будучага года. Канчаткова страцілі шанцы на ліцэнзію зборныя па водным пола, футболе і хакеі на траве. Тым не менш, у нацыянальнай камандзе лічацца яшчэ каля 200 кандыдатаў, якія прадстаўляюць 28 відаў спорту.