На гродзенскіх азёрах стартавала рэгата

7 августа 2014
Падчас Алімпійскіх дзён моладзі больш за 30 удзельнікаў з некалькіх рэгіёнаў Беларусі падрыхтавалі свае паруснікі на гродзенскіх водах. Дарэчы, гэта не толькі спорт і прафесійнае захапленне, але і новыя магчымасці для турызму.

У тым, што ветразю ўсе ўзросты пакорлівыя і асабліва, калі ёсць спадарожны вецер, упэўніўся Дзмітрый Смірноў.

Рангоўт, швертбот, бермудскі кэт. Цалкам незразумелыя для чужога вуха назвы паруснага майстэрства. Тым не менш, нават падлеткі-яхтсмены не толькі вольна валодаюць гэтымі словамі, але яшчэ паспяваюць вязаць марскія вузлы і збіраць за дзесяць хвілін сваё судна. Да таго ж абверглі міф, што паруснікі - спорт выключна для гарачай пары.

Нядаўна беларусы занялі прызавыя месцы на чэмпіянаце свету. І хай парусны спорт не самае таннае захапленне - большасць выдаткаў на сябе бярэ федэрацыя.

Такія спаборніцтвы адрозніваюцца ад усіх астатніх відаў спорту. Старту ўдзельнікі могуць чакаць нават 10 гадзін - да хвіліны, пакуль не з'явіцца патрэбны вецер. І гэта не час адпачынку, бо трэба сабрацца перад вырашальным заплывам.

У парусным спорце мала валодаць адной толькі добрай фізічнай сілай. Трэба яшчэ веданне тактыкі, стратэгіі, нават матэматыкі. Але што найважнейшае - яшчэ неабходная інтуіцыя. Каб ведаць, калі і з якой сілай падзьме вецер.

За час трэніровак і спаборніцтваў капрызы ветру паспелі вывучыць нават родныя чэмпіёнаў. Ім жа перадаўся і марскі настрой.

Ужо не першы год парусная рэгата традыцыйна праходзіць у Гродзенскім раёне. Аднак трэнеры лічаць: іх падапечныя выраслі з гэтых азёр. Тым больш што вадасховішча на Нёмане амаль ідэальна падыходзіць для новага яхт-клуба. І вядома, паруснага адпачынку, папулярнасць якога расце з кожным сезонам.

Новы яхт-клуб мог бы стаць сур'ёзнай базай для будучых прызавых п'едэсталаў на міжнародных чэмпіянатах. А белыя ветразі на фоне гэтага краявіду - годным турыстычным акцэнтам рэгіёну.