На хатнім Кубку Еўропы ў бегу на 10 тысяч метраў жаночая зборная Беларусі выйграла золата ў камандным заліку

10 июня 2017

Зрэшты, Мінск не без поспеху спраўляецца і з рэнамэ спартыўнай сталіцы. На хатнім Кубку Еўропы ў бегу на 10 тысяч метраў жаночая зборная Беларусі выйграла золата ў камандным заліку, а Вольга Мазуронак – у індывідуальным. Такія спаборніцтвы ў гэтай дысцыпліне наша краіна прымала ўпершыню і, паводле слоў міжнародных функцыянераў, гэтым прыкладам чарговы раз прадэманстравала выдатны патэнцыял.

Кубак Еўропы ў сюжэце Алены Гарэльчык. На гарызонце з'яўляецца Вадзім Дзевятоўскі ў кампаніі Свена Арнэ Хансена. Старшыня беларускай федэрацыі звыкла сумяшчае сваю асноўную пасаду з працай журналіста. Ад яго камеры на тэлефоне не схаваецца ні адна дэталь. Вось, напрыклад, кіраўнік еўрапейскай асацыяцыі спадар Свен знаёміцца з беларускімі дзеткамі.

Дзяўчынкі з Плешчаніц спортам займаюцца, але сюды прыехалі падтрымаць некалі вучаніцу сваёй спартыўнай школы Вольгу Мазуронак.

Шыракаплечага Андрэя Міхневіча ў натоўпе балельшчыкаў не заўважыць цяжка. Штурхальнік ядра жартуе, 10 тысяч - не яго дысцыпліна.

Другое жыццё сёння набыў і спарткомплекс. Вонкавы глянец атрымаў сам будынак, змяніўся і стадыён. Месца, дзе трэніруецца нацкаманда, сёння не пазнаць.

Як толькі сонца пачало хіліцца да захаду, быў дадзены старт самім спаборніцтвам. 10 тысяч метраў або бітва на вынослівасць. 25 кругоў па 400 метраў. Усе спартсмены разбітыя на дзве групы - Б і А. У апошняй, зразумела, бягуць наймацнейшыя. Сярод мужчын наш Уладзіслаў Прамаў паказаў 10-ы вынік. Дарэчы, наш спартсмен у свой час жыў у гарадскім пасёлку Касцюкоўка. Аб спорце ў рэгіёнах Прамаў гаворыць прама. Трэба не скардзіцца і ныць, а трэніравацца і працаваць.

Галоўныя надзеі на медалі ў Кубку Еўропы, вядома, былі звязаныя з нашымі дзяўчатамі. Вольга Мазуронак і каманда не падвялі. Дзве ўзнагароды на радасць балельшчыкам і круг пашаны па стадыёне.