На "Чыжоўка-Арэне" стартуе юніёрскі чэмпіянат свету па хакеі

9 апреля 2016

З марай аб вялікім хакеі. На галоўнай пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" а 12 гадзіне стартуе юніёрскі чэмпіянат свету па хакеі ў першым дывізіёне. Шэсць каманд аспрэчаць адну пуцёўку ў элітны дывізіён. Сярод галоўных прэтэндэнтаў на павышэнне ў класе - зборная Беларусі.

Расказвае Павел Капуцкі. Афіша падрабязна расказвае, хто, з кім і ў колькі будзе гуляць. Флагі краін-удзельніц дадаюць значнасці турніру. Да чарговага буйнога чэмпіянату "Чыжоўка-Арэна" гатовая.

Напярэдадні ўсе каманды выпрабавалі лёд галоўнай пляцоўкі. Маладыя гульцы яшчэ не так шмат бачылі, але ўсё роўна ўражаныя. Зрэшты, для іх галоўнае зараз - паказаць сябе.

Зборная Германіі, бадай, галоўны канкурэнт Беларусі ў барацьбе за першае месца. Немцы толькі на мінулым чэмпіянаце пакінулі элітны дывізіён і вельмі хочуць вярнуцца.

Нарвежцы не такія амбіцыйныя. У лютым скандынавы гулялі тут у Кубку сталіцы, дзе ўступілі гаспадарам 2:4.

Турнір адкрывае паядынак французаў і аўстрыйцаў. У 15:30 матч Германія - Нарвегія. А 19 гадзіне Беларусь пазмагаецца з Казахстанам. Прамая трансляцыя на "Беларусь 5". Уваход на ўсе гульні турніру свабодны.

Балельшчыкі ўжо паспелі забыцца, калі юніёрская зборная Беларусі гуляла ў элітным дывізіёне. Гэта было ў 2010 годзе. Самы час вярнуцца. І родныя сцены павінны дапамагчы.