На "Чыжоўка-Арэне" стартуе Калядны турнір на прыз Прэзідэнта Беларусі

4 января 2018

Паўгадзіны застаецца да старту Каляднага турніру сярод аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Гэта 14-е першынство. Першымі лёд "Чыжоўка-Арэны" выпрабуюць зборныя Кітая і Швейцарыі. Усяго ж да канца тыдня пазмагаюцца 8 каманд.

На прамую сувязь з гарачага лёду выходзіць наш карэспандэнт Крысціна Камыш.

Гульцы гатовыя. Зараз завяршаецца раскачванне перад матчам. Некаторыя з хакеістаў ужо адправіліся ў раздзявальню прыводзіць у парадак амуніцыю, настройвацца на перамогу. І ўжо ў 12:30 адбудзецца стартавае ўкіданне. На малой арэне згуляюць каманды Кітая і Швейцарыі. Характэрна, што зборная з Кітая дэбютуе на Калядным турніры.

Ван Шуа, гулец каманды Кітая па хакеі: "Наша каманда вельмі чакае добрых матчаў. Але таксама на гэтым турніры мы хочам падцягнуць свой узровень і пераняць нешта ад нашых сапернікаў. Вядома ж, мы чулі пра гэты чэмпіянат. Таму нашы чаканні вельмі высокія. Каманду Кітая прадставяць гульцы, якія ў свой час гулялі ў лізе краіны, а таксама абаранялі колеры зборнай. А ўзрост хакеістаў ад 30 да 40 гадоў".

А гадзіне дня на вялікай арэне пачнецца паядынак паміж Расіяй і зборнай Балканаў. А галоўны матч стартуе ў 7 вечара. Дзеючы пераможца турніру - каманда Беларусі - згуляе з бронзавымі прызёрамі леташніх спаборніцтваў - хакеістамі з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Перад гэтай сустрэчай пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця. І, як нам стала вядома, на яе запрошаны легендарны Філ Эспозіта - лепшы бамбардзір суперсерыі СССР - Канада.

Махамед аль-Шамсі, гулец каманды ААЭ па хакеі: "Усе гульцы маёй каманды рады зноў апынуцца ў Беларусі. Спадзяемся, што мы выступім не горш, як год таму. Тое, што мы прыязджаем у Мінск на Калядны турнір, дае своеасаблівы штуршок развіццю хакея ў нашай краіне. Вельмі дапамагаюць беларускія трэнеры. Самі трэніроўкі сталі больш разнастайнымі, іншая методыка цалкам. Безумоўна, наш хакей прагрэсуе з кожным годам".

Матч Беларусі супраць Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у запісе пакажа тэлеканал "Беларусь 5". Пачатак прыблізна ў 22:20, адразу ж пасля гульні моладзевага чэмпіянату свету ў Бафале, у якой Беларусь і Данія аспрэчваюць права застацца ў элітным дывізіёне. Прамая трансляцыя на першым спартыўным канале ў 8 вечара.

Акрамя Каляднага турніру, на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" праходзіць фінальны этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" ў старэйшай узроставай групе. Да канца тыдня маладое пакаленне гульцоў будзе дзяліць спарткомплекс з аматарамі. Тут таксама восем каманд. А фінал пройдзе на Раство.

Да гэтага моманту на турніры адбыліся два матчы. "Алімп" - "Прынёманскія каршакі" 8:0, "Днепр" - "Міраж" 0:4.