На "Чыжоўка-Арэне" стартаваў фінальны этап спаборніцтваў "Залатая шайба"

14 марта 2016

Спартыўны запал сёння разгарэўся на лёдзе "Чыжоўка-Арэны". Тут стартаваў фінальны этап спаборніцтваў "Залатая шайба". Прывітанне ўдзельнікам свята дзіцячага хакея накіраваў і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Першы дзень - і ўжо яркая перамога. З разгромным лікам 16:0 "Грыфоны" выйгралі ў "Шахцёра". У хакейных баталіях штогод бяруць удзел тысячы хлопцаў. Сёлета праявіць сябе можа яшчэ больш маладых спартсменаў, бо гарадскія, рэгіянальныя, а потым і рэспубліканскія турніры - гэта шанц, які адчыняе дзверы ў вялікі спорт.

Пра недзіцячую гульню юных беларусаў рэпартаж Алены Гарэльчык.

Кароткі інструктаж перад матчам гэтыя хлопцы слухаюць з двайной увагай. У хакеі яны не так даўно, але ўжо здолелі выйграць абласныя спаборніцтвы. "Залатая шайба" перад камандай з раённага цэнтра адкрывае рэспубліканскія перспектывы.

У рэспубліканскі фінал акрамя "Мухаўца" прабіліся яшчэ дзве каманды з раёнаў - "Міраж" з Горак і "Шахцёр" з Салігорска. Астатнія ўдзельнікі - прадстаўнікі абласных цэнтраў. Яшчэ два хакейныя калектывы - мінчане - пераможцы мінулага года. "Беркуты" і амбіцыйныя "Грыфоны", якія ўжо ў першы дзень зрабілі сенсацыю, разграміўшы "гарнякоў" з лікам 16:0. Сярод галоўных стваральнікаў гэтай перамогі Ягор Осіпаў, Мікалай Лукашэнка і Глеб Казакоў.

"Беркуты", як і "Грыфоны", накідалі з дзясятак шайбаў у вароты хакеістаў з Магілёўскай вобласці. Тыя, хто прайграў, праўда, не адчайваюцца. Яны вераць у сябе. Бо хакей робіць з маленькіх хлопчыкаў сапраўдных мужчын, а апошнія не адступаюць перад непрыемнасцямі.

У першы стартавы дзень, дарэчы, каманды гуляюць да позняга вечара. Заўтра спаборніцтвы пачнуцца а 11-й гадзіне. Спаборніцтвы ў падгрупах пройдуць да серады ўключна. У чацвер дзень ікс. Кубак атрымае наймацнейшы.

З "Залатой шайбы" пачынаў свой шлях у хакеі экс-нападаючы нацыянальнай зборнай Беларусі Алег Мікульчык. Двухразовая чэмпіёнка юніёрскага планетарнага форуму па біятлоне Дар'я Блашко ў свой час змагалася за ўзнагароды "Снежнага снайпера". Не адзін дзясятак удзельнікаў "Імклівага або скуранога мяча" ўжо трапіў на заметку трэнерам, а значыць юныя спартсмены зрабілі першыя крокі ў свет вялікага спорту.