На "Чыжоўка-Арэне" пачынаецца другі дзень галоўнага тэніснага супрацьстаяння года

22 апреля 2018

Жаночая зборная Беларусі ў барацьбе за права застацца ў Сусветнай групе Кубка Федэрацыі змагаецца з камандай Славакіі. Пасля першага гульнявога дня лік 1:1.

І на сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Андрэй Казлоў (прамое ўключэнне).

Так, нашы дзяўчыны далі магчымасць зборнай Славакіі захаваць інтрыгу да другога дня матча плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі па тэнісе. Але мы ведаем, што наша зборная ў самы патрэбны момант здольная паказаць характар. У гэтыя хвіліны пад скляпеннямі "Чыжоўка-Арэны" свой паядынак пачынае Арына Сабаленка.

У саперніцах у яе 84-я ракетка свету Ганна-Караліна Шмідлава. Для першай ракеткі Беларусі, а Арына на сёння займае ў сусветным рэйтынгу 47-е месца, матч важны. Напярэдадні Сабаленка выходзіла на корт услед за Аляксандрай Сасновіч (Саша сваю сустрэчу выйграла), але павялічыць перавагу наша зборная не змагла. Тым не менш сустрэча Сабаленка - Кужмава атрымалася доўгай, няпростай для абедзвюх тэнісістак. Каб вызначыць пераможца, давялося разыгрываць тры сэты. 2:6, 6:2, 6:7 - перамога спартсменкі са Славакіі.