На "Чыжоўка-Арэне" праз гадзіну стартуе матч плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі Беларусь - Славакія

21 апреля 2018

Уся ўвага спартыўных балельшчыкаў краіны сёння прыкавана да "Чыжоўка-Арэны". На корце комплексу праз гадзіну стартуе матч плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі Беларусь - Славакія. Нашай зборнай патрэбная толькі перамога, бо ў выпадку поспеху беларускі захаваюць прапіску ў эліце сусветнага тэніса. Каманда, якая прайграе, апусціцца ў дывізіён рангам ніжэй.

Зараз побач са спарткомплексам працуе здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).

У арганізатараў усё па раскладзе. У 12:40 пройдзе афіцыйная цырымонія адкрыцця турніру. Затым запланавана размінка. А першы матч адзіночнага разраду пачнецца ў гадзіну дня. І, як бачыце, гледачы ўжо ідуць на вялікі тэніс. Білетаў у касах практычна не засталося.

Напярэдадні жэрабя размеркавалася так, што адкрываць матчавую сустрэчу будзе Аляксандра Сасновіч. Наша каманда такім зыходам засталася задаволена, бо калі Саша першай з беларусак выходзіць на корт, вынік заўсёды станоўчы. Сасновіч будзе супрацьстаяць Ганна Караліна Шмідлава. Беларуска займае ў сусветным рэйтынгу 56-ы радок. Славачка - 84-я ракетка свету. Са сваёй саперніцай Аляксандра знаёмая.

Пасля Сасновіч і Шмідлавай на корт выйдуць Арына Сабаленка (47-ы нумар рэйтынгу) і Вікторыя Кужмава (106-я ракетка свету). На наступны дзень дзяўчаты памяняюцца саперніцамі. Чакаецца, што ў парным паядынку нашу краіну прадставяць Лідзія Марозава і Вера Лапко. У апанентак заяўлены дуэт Яны Чапелавай і Вікторыі Кужмавай. Адзначым, капітаны каманд маюць права зрабіць замены за гадзіну да гульні.

Хачу нагадаць, што прамую трансляцыю з корта "Чыжоўка-Арэны" будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Хварэем за нашых спартсменак!