Зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы вярнулася з чэмпіянату свету

7 октября 2019

Без медалёў, але з добрым прыцэлам на Алімпіяду ў Токіа. Зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы ўпершыню ў гісторыі вярнулася без узнагарод з другога чэмпіянату свету запар. Тым не менш у Катары ў васьмёрку наймацнейшых на планеце трапілі восем беларусаў, што дазволіла нашай камандзе па ачках размясціцца на высокім 15 месцы. У скарбонцы зборнай 25 балаў.

І гэта пры тым, што сезон атрымаўся вельмі напружаным. Так, беларусы паспяхова выступілі на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску, на камандным і моладзевым чэмпіянатах Еўропы, затым на матчавай сустрэчы Еўропа - ЗША. Заставацца на піку формы так доўга практычна немагчыма.


Бліжэй  за ўсіх да п'едэстала падняўся Максім Недасекаў у скачках у вышыню, ён  чацвёрты. Пятымі сталі Вольга Мазуронак у марафоне і Анастасія Мірончык-Іванова ў скачках у даўжыню.  Шостымі чэмпіянат завяршылі Таццяна Халадовіч  (кіданне молата), Алёна Дубіцкая (штурханне ядра) і Карына Дзямідзік  (скачкі ў вышыню).

Адзначым, што ліцэнзіі на Алімпіяду ў Токіа ў лёгкай атлетыцы даюцца за выкананы нарматыў. Так, патрэбны вынік можна паказаць на любым са стартаў. У беларускіх лідараў ужо ёсць запаветныя квоты, пакуль іх у скарбонцы 16.