Моладзевы чэмпіянат свету па хакеі: Стартавае ўкіданне Беларусь - Латвія ў 19:30

10 декабря 2019
На "Чыжоўка-Арэне"  другі дзень ідуць баталіі на моладзевым чэмпіянаце свету па хакеі - у першым дывізіёне групы А. Да гэтай хвіліны было згуляна два матчы. Каманда Даніі толькі ў авертайме даціснула зборную Славеніі - 2:1. У дзённым паядынку Аўстрыя справілася  з Нарвегіяй 5:2.

Будзем пільна сачыць за вячэрняй гульнёй, дзе сустрэнуцца  Латвія і Беларусь.  Абедзве каманды напярэдадні святкавалі перамогі. Латвійцы абгулялі датчан, пры гэтым не прапусцілі ніводнай  шайбы. А вось нашы хлопцы вырашылі паказытаць нервы і сабе, і балельшчыкам.  Беларусы тройчы адыгрываліся ў паядынку супраць аўстрыйцаў. І - валявая перамога - 4:3.  Хлопцы выдатна разумеюць, што шлях да запаветнай мары толькі пачаўся. Іх цікавіць толькі першае месца на чэмпіянаце і выхад у элітны дывізіён.

Стартавае ўкіданне ў матчы Беларусь - Латвія ў 19:30. Прамая трансляцыя паядынку на тэлеканале "Беларусь 5".