Моладзевая зборная Беларусі па хакеі яшчэ на год застанецца ў першым дывізіёне

15 декабря 2019
Моладзевая зборная нашай краіны па хакеі яшчэ год будзе варыцца ў першым дывізіёне. Увесь гэты тыдзень на "Чыжоўка-Арэне" 6 каманд (Беларусь, Аўстрыя, Латвія, Славенія, Данія і Нарвегія) аспрэчвалі права падняцца ў эліту - туды, дзе гуляюць сусветныя лідары. І толькі перамога на планетарным форуме ў Мінску давала павышэнне ў класе. 

 Для нашай зборнай зроблена ўсё і нават больш, каб галоўная мэта была дасягнута. Ужо 4 гады ва ўнутраным чэмпіянаце краіны Экстралізе ёсць базавы клуб маладзёжкі - U-20. Хлопцы гуляюць з дарослымі, вучацца разумнаму хакею, набіваюць гузы. Яшчэ з лета вялася праца па адборы гульцоў да першынства. Хакеісты былі на зборах, ездзілі на міжнародныя турніры, дзе боем правяраліся іх якасці.

Фінальны ростар дапоўніў лепшы паўночнаамерыканскі дэсант. Гэта значыць, што былі сабраныя сапраўды самыя моцныя. Краіна выказала жаданне прымаць чэмпіянат свету, каб нашым хлопцам было лягчэй перамагаць дома, пры падтрымцы родных трыбун.

І вось пасля трэцяга матча галоўны трэнер Дзмітрый Дудзік заяўляе, што шанцаў няма. Беларусы не выйдуць у эліту. Да таго моманту наша маладзёжка перамагла аднойчы і двойчы прайграла ў авертайме. Паводле версіі трэнера, хлопцы думалі пра ўласныя амбіцыі, а не пра камандныя задачы. Бо за хакеем на мінскім лёдзе назіралі больш за 40 скаўтаў НХЛ і КХЛ. 

Варта адзначыць, што матэматычныя шанцы на эліту захоўваліся аж да 5 тура чэмпіянату свету. Але гаспадарамі свайго лёсу мы ўжо не былі. Такім чынам, беларуская каманда не выканала пастаўленую задачу. Зараз ход за хакейнымі экспертамі. Дзе варта развіваць моладзь? Ці трэба спецыяльна ўтрымліваць клуб U-20 у Эстралізе? Адказы на гэтыя пытанні актуальныя, бо зусім хутка - у маі 2021 года - нам прымаць дарослы чэмпіянат свету. І там, вядома, хацелася б бачыць перамогі беларускай дружыны. 

Пакуль давайце скажам адкрыта - наша маладзёжка павышэння ў класе не заслужыла. На мой погляд, каманднай гульні мы так і не ўбачылі. І, мабыць, менавіта гэта  галоўнае расчараванне для балельшчыкаў, якія на хатнім лёдзе чакалі зусім іншага настрою і адносін да справы нашых хакеістаў. А выйшла так, што ўжо пасля першых матчаў турніру фаварытамі мы сталі толькі на паперы.