Мінск сустракае ўдзельнікаў моладзевага чэмпіянату свету па хакеі

5 декабря 2019
Нацыянальны аэрапорт Мінск сустракае першых удзельнікаў моладзевага чэмпіянату свету па хакеі ў першым дывізіёне ў групе А. Раней за ўсіх у беларускую сталіцу прыляцелі аўстрыйцы. Менавіта з "арламі" наша зборная і пачне сваё выступленне на хатнім форуме. 

Месяц таму падчас першай міжнароднай паўзы ў Бабруйску гэтыя зборныя ўжо сустракаліся, і тады перамога засталася за беларусамі. У параўнанні з тым складам нашы сапернікі значна ўзмацніліся - васьмю легіянерамі, якія выступаюць у Паўночнай Амерыцы.

Марка Певаль, галоўны трэнер моладзевай зборнай Аўстрыі па хакеі: "У нас быў лёгкі пералёт. Напярэдадні мы правялі кантрольны матч з камандай Славеніі. Таму хлопцы трохі стаміліся. Але сёння ў нас ёсць магчымасць трохі адпачыць, а ўжо заўтра мы вернемся да трэніровак - правядзем спарынг з латышамі. Чэмпіянат свету мы пачынаем матчам з беларусамі, мы добра ведаем свайго саперніка - сустракаліся раней. Беларусы - вельмі сур'ёзная каманда, але мы ні ў якім разе не баімся гаспадароў, мы іх паважаем і чакаем гэтага матча".

Акрамя аўстрыйцаў і беларусаў, на чэмпіянаце свету згуляюць зборныя Латвіі, Даніі, Нарвегіі і Славеніі. На коне пуцёўка ў эліту моладзевага планетарнага форуму.