Мінск чарговы раз прымае вялікі хакей

3 января 2017

Першыя дні новага года ў Беларусі па традыцыі адзначаныя  сярод аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Мінск чарговы раз прымае вялікі хакей, можна сказаць чэмпіянат, праўда, неафіцыйны. Але ад таго не менш відовішчны. Адкрыццё  адбудзецца 4 студзеня. На цырымоніі па традыцыі будзе прысутнічаць Кіраўнік дзяржавы. Дарэчы, камандзе Прэзідэнта на турніры няма роўных. Беларусы дзевяць разоў былі трыумфатарамі чэмпіянату. Следам ідуць расіяне. Ну, а як будзе на гэты раз, пакажа час і, вядома ж, лядовыя паядынкі - першыя пачнуцца ўжо заўтра. Але галоўнае ўсё ж - асаблівая атмасфера свята, якая аб'ядноўвае ўсіх: і ўдзельнікаў (сярод якіх, дарэчы, нямала сапраўдных зорак хакея), і балельшчыкаў. Хто і на якіх арэнах выступіць сёлета? Падрабязнасці ў Алены Гарэльчык.

Авіярэйс Вена - Мінск 3 студзеня атрымаўся хакейным на ўсе сто. Самалёт, прызямліўшыся ў Нацыянальным аэрапорце ў 13:41, даставіў у беларускую сталіцу адразу тры аматарскія зборныя - Славакіі, Швейцарыі і каманду Балкан. Многія сустракаліся раней, астатнія пазнаёміліся падчас двухгадзіннага пералёту.

Зборная Балкан - дэбютанты Каляднага турніру. Гавораць, як атрымалі запрашэнне, не сумняваліся ні секунды. Інтэрнацыянальная брыгада - гэта хакеісты з Румыніі, Сербіі, Балгарыі, Македоніі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, адзін з варатароў з Турцыі. Гэта значыць зборная васьмі краін.
  
Уладальнік поўнага камплекту медалёў чэмпіянатаў свету славак Марцін Штрбак добра гаворыць па-руску і выдатна ведае Беларусь. У складзе аматарскай зборнай Славакіі не раз прыязджаў на Калядны турнір, а летась разам з калегамі па камандзе прымерыў бронзавыя медалі турніру. 
Швейцарская каманда разам з гаспадарамі, расіянамі, фінамі і немцамі - адна са старажылаў турніру. Але сёлета ў Мінск прыехаў абноўлены склад.

Часу на разварушванне ў хакеістаў практычна няма, адразу пасля прылёту засяленне ў гатэль і вячэрняя трэніроўка. Амаль гадзіна на тое, каб выпрабаваць лёд і адчуць памеры лядовай арэны.

На "Чыжоўка-Арэне" тым часам поўным ходам ідзе генеральны прагон цырымоніі адкрыцця. Непрацяглае шоу, у якім будзе на што паглядзець.
Мінск, 4 студзеня 2005 года. Гэта дзень старту першага ў гісторыі Каляднага турніру. Цяперашнія спаборніцтвы трынаццатыя па ліку.

За гэты час удзельнікамі неафіцыйнага чэмпіянату свету сярод аматараў (а гэта статус спаборніцтваў) сталі хакеісты з 16-ці краін.

З-за акіяна да нас прыязджалі канадцы, трэці раз сёлета барацьбу за кубак павядзе экзатычная для гэтага віду спорту каманда з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Калядны турнір стаў яшчэ адной магчымасцю паказаць Беларусь усяму свету.
Сёлета жэрабя звяло гаспадароў са зборнымі ААЭ, Балкан і Швейцарыі. Каманды групы А правядуць свае матчы на вялікай арэне ў Чыжоўцы.

Удзельнікамі галоўнага матча пад Раство стануць толькі пераможцы квартэтаў, і ў барацьбе за права згуляць у фінале адступаць не будзе ніхто. А значыць балельшчыкаў чакае прыгожы хакей, бо Калядны турнір даўно выйшаў за рамкі звычайнага спартыўнага спаборніцтва, а стаў па-сапраўднаму сямейным святам.