Мінск спартыўны пакінулі госці юніёрскага чэмпіянату свету па біятлоне

25 февраля 2015

У Раўбічах чэмпіянат свету па біятлоне завяршыўся. Нагадаем, за медалі змагаліся каля 600 удзельнікаў з 37 краін. Турнір асвятлялі журналісты са 120 СМІ. Белтэлерадыёкампанія вяла трансляцыі са спарткомплексу ў прамым эфіры на "Беларусь 5". Дзякуючы намаганням нашага медыяхолдынга за гонкамі можна было таксама назіраць па тэлеканале "Еўраспорт 2". Кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі біятлона дало высокую ацэнку арганізацыі юніёрскага чэмпіянату, заявіўшы, што Беларусь гатовая прымаць чэмпіянат і дарослы. І ўжо самі ўдзельнікі не выключаюць, што праз некалькі гадоў яны вернуцца па новыя ўзнагароды і прызнанні. Пра тое, чым запомніўся спартсменам беларускі чэмпіянат і з якімі эмоцыямі яны пакідаюць нашу краіну, рэпартаж Кацярыны Шыбко.

Хаця каманда Швецыі не трапіла ў медальны залік, для іх, прызнаюцца, гэта былі адны з самых яркіх і запамінальных спаборніцтваў. Тут, гавораць хлопцы, атмасфера асаблівая - яны адчувалі падтрымку кожнага балельшчыка. Ужо пасля першай гонкі стала зразумела: беларусы біятлон любяць і перажываюць за кожнага ўдзельніка.

Ужо ў Нацыянальным аэрапорце біятланісты абяцаюць зноў вярнуцца ў Беларусь калі не ў якасці турыстаў, то на новы чэмпіянат, але ўжо не ў статусе юніёраў. А пакуль на памяць аб нашай краіне выбіраюць сувеніры. Самыя папулярныя - лялькі ў нацыянальных беларускіх касцюмах і талеркі з картай Мінска.

Многія ўдзельнікі юніёрскага чэмпіянату паспелі купіць сувеніры яшчэ падчас экскурсіі па беларускай сталіцы, гэта быў тур па начным Мінску. На памяць селфі ля Нацыянальнай бібліятэкі, на фоне плошчы Незалежнасці і ў Старым горадзе. Тым вечарам хэштэг "Мінск" і "Чэмпіянат Раўбічы" прапісаўся ў стужцы навін па ўсім свеце.

Юніёрскі чэмпіянат свету ў Раўбічах увайшоў у сусветную гісторыю і па праве адкрыў эпоху адраджэння вялікага біятлона ў Беларусі. За першынство ў гонках змагаліся каля 600 удзельнікаў з 37 краін. Гэта практычна ў два разы больш, чым на чэмпіянаце свету па хакеі ў Мінску. На спаборніцтва акрэдытаваліся журналісты са 120 СМІ. Белтэлерадыёкампанія кожную гонку трансліравала ў прамым эфіры на "Беларусь 5". Дзякуючы намаганням нашага медыяхолдынга за яркай карцінкай балельшчыкі маглі таксама назіраць па тэлеканале "Еўраспорт".

Каб гледачы нічога не ўпусцілі, рэальныя эмоцыі ў анлайн-рэжыме.

На яе рабілі стаўку, і яна не падвяла. Першае золата для Беларусі ў трэці дзень спаборніцтваў прынесла Дар'я Блашко. Пераможніца юнацкага чэмпіянату па біятлоне нібы не магла паверыць у перамогу - увесь час азіралася на табло з яе прозвішчам на першым радку.

І гэта быў толькі першы выхад беларусаў на п'едэстал. Па выніках эстафетнай гонкі мы зноў у лідарах. Другое золата прынеслі Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Крысціна Разцова і зноў Дар'я Блашко.

Як вынік - Беларусь у медальным заліку на пятым месцы. На першай пазіцыі юніёрскай эстафеты Расія, на другой нарвежцы, на трэцяй французы.

Між тым Беларусь ніхто не пакідае з пачуццём расчаравання. Гэта, падкрэсліваюць спартсмены, быў самы дружны юніёрскі чэмпіянат свету ў іх спартыўнай кар'еры. Сапернікамі ўдзельнікі былі хіба што толькі на трасе.

Высокую ацэнку арганізацыі чэмпіянату дала і Міжнародная федэрацыя па біятлоне, зрабіўшы гучную заяву: Беларусь ужо гатовая прымаць чэмпіянат дарослы. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на кангрэсе IBU ў 2016 годзе.

Выступіць на Кубку свету ў Беларусі спадзяецца і легенда беларускага біятлона Дар'я Домрачава. У гэтым яна прызналася ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму тэлеканалу.

Пасля Алімпійскіх гульняў у Сочы Беларусь асацыіруецца ў тым ліку і з імёнамі нашых чэмпіёнаў - біятлон зараз у нас успрымаюць інакш. У нашых спартсменаў вераць, на іх робяць стаўку.

Зрэшты, гэта датычыцца і фрыстайла (лыжнай акрабатыкі). Дзякуючы высокім вынікам у гэтай дысцыпліне было прынята рашэнне пабудаваць крыты комплекс. Тут будуць праходзіць трэніроўкі да першага з'яўлення снегу. Пакуль жа ў спартсменаў напружаны графік спаборніцтваў. Ужо ў гэтую нядзелю, у першы дзень вясны, калі, вядома, дазволіць надвор'е, у Раўбічах плануюць правесці фінальны этап Кубка свету. Так што ў гэтым сезоне Беларусь з вялікім спортам яшчэ не развітваецца.