Мінск працягвае рыхтавацца да II Еўрапейскіх гульняў

13 марта 2018

Важны складальнік арганізацыі спаборніцтваў сусветнага ўзроўню - транспартнае абслугоўванне балельшчыкаў і спартсменаў. Як мяркуюць, у Мінск у чэрвені 2019 года прыедуць дзясяткі тысяч турыстаў і не менш за 10 тысяч спартсменаў, суддзяў, журналістаў, афіцыйных прадстаўнікоў алімпійскіх камітэтаў. Галоўнымі ўязнымі варотамі для гасцей Еўрапіяды стане не толькі аэрапорт, але і чыгуначны вакзал. Там, дарэчы, да наплыву пасажыраў, у першую чаргу, з Расіі і Заходняй Еўропы, рыхтуюцца ўжо сёння. Ці будзе гатова транспартная інфраструктура горада да пачатку Гульняў, да якіх засталося менш за паўтара года? З усімі падрабязнасцямі - Надзея Сербіненка.

Праз галоўны чыгуначны вакзал краіны за дзень праходзіць больш за трыццаць тысяч пасажыраў. Цягнікі адпраўляюцца ў Берлін, Парыж, Варшаву, Рыгу, шматлікія расійскія гарады. Якраз па гэтых кірунках чакаюць рэзкае павелічэнне пасажыраў у чэрвені 2019 года, падчас правядзення II Еўрагульняў.

Так, у будынку вакзала нядаўна з'явіліся новыя эскалатары, касавыя залы абсталююць удасканаленай сістэмай кандыцыянавання, што пасажыры асабліва ацэняць летам. Вялікая ўвага - пытанням бяспекі гасцей Еўрагульняў. Так, будзе дапрацаваная сістэма відэаназірання і доступу ў службовыя памяшканні. А касіры і дзяжурныя па зале пройдуць экспрэс-курсы англійскай мовы. А для выгоды гасцей з Кітая на галоўных указальніках вакзала ўжо з'явіліся іерогліфы.

Яшчэ адзін крок насустрач турыстам - Wi-Fi ў гарадскім транспарце. Яшчэ да пачатку Еўрагульняў Інтэрнэт з'явіцца ў метро і аўтобусах. Спачатку мадэмы ўсталююць на трох маршрутах № 1, № 100 і № 300Э, які злучае Мінск з аэрапортам. У метро доступ у Інтэрнэт будзе і на платформах, і ў падземных тунэлях.

Сур'ёзнае абнаўленне чакае і аўтапарк гарадскога транспарту. У 2018 годзе на дарогах з'явіцца 300 новых аўтобусаў, на дапамогу ім прыйдуць і беларускія электробусы. Тым часам, на вуліцах Мінска ўжо з'явіўся першы аўтобус - Яркіх Перамог!

Маляўнічы аўтобус ужо пачаў курсіраваць па маршруце № 1. Ад вакзала да Вяснянкі. У дызайне выкарыстоўваюцца колеры сімволікі - жоўты, аранжавы, сіні. І, вядома, лагатып - папараць-кветка. Пасажыры ўжо ацанілі яркі дызайн аўтобуса.

Афіцыйная сімволіка Гульняў - слоган "Час яркіх перамог", стылізаваны лагатып "BY" - усё гэта ўжо на вуліцах горада.

Вялікая праца будзе праведзена па ўдасканаленні дарожнай інфраструктуры Мінска. Да пачатку II Еўрапейскіх гульняў прапускная здольнасць асноўных праспектаў будзе павялічаная за кошт аптымізацыі работы святлафораў і пераразмеркавання патокаў машын па паралельных вуліцах. А каб спартсмены і афіцыйныя дэлегацыі маглі хутка дабрацца да спартыўных арэн, на праспектах Пераможцаў, Незалежнасці, Дзяржынскага на час будуць вылучаны палосы руху.