Мінск развітаўся з чэмпіянатам Еўропы па фігурным катанні

28 января 2019

Маляўнічы, трохі сентыментальны, але душэўны гала-паказ. У Мінску напярэдадні развіталіся з чэмпіянатам Еўропы па фігурным катанні. У закрыцці форуму прыняў удзел і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Наша краіна такі старт прымала ўпершыню ў гісторыі і з дэбютам справілася на выдатна. Трансляцыі ў многія краіны свету і амаль паўтысячы журналістаў, трыбуны, запоўненыя балельшчыкамі, стракацелі ад розных флагаў. Ці не гэта лепшая прэзентацыя краіны. Сёння чэмпіянат Еўропы - гэта не толькі гісторыя і яркія ўспаміны. Гэта крок на шляху да новай мэты - чэмпіянату свету.

 

Расказвае Алена Гарэльчык.

Беларусь развітвалася ярка і прыгожа, эмацыйна і душэўна

4 спаборніцкія дні, 2 лядовыя пляцоўкі, 8 камплектаў узнагарод, 145 спартсменаў з 34 краін Старога Свету, дзясяткі асабістых рэкордаў і аншлагі на "Мінск-Арэне". У нядзелю Беларусь развіталася з чэмпіянатам Еўропы па фігурным катанні. Развіталася ярка і прыгожа, эмацыйна і душэўна.

Вялізны дзякуй за прыём і падтрымку - словы падзякі і захаплення ад кожнага фігурыста ў адрас гледачоў. Многія прызнаюцца, выступаць пры абсалютна запоўненых трыбунах ім прыходзілася ўпершыню.

 

Беларусь убачыў увесь свет

Чэмпіянат Еўропы аб'яднаў балельшчыкаў не толькі нашага кантынента. Трансляцыі з беларускага лёду ўбачылі ў 20 краінах свету, у тым ліку ў далёкіх Бразіліі і Японіі. Асвятлялі кантынентальны турнір больш як 400 прадстаўнікоў СМІ. Беларусь убачыў увесь свет! І гэтая карціна нікога не пакінула абыякавым.

Традыцыйны гала-паказ. Тут ужо не змагаліся за балы і добразычлівасць суддзяў, тут цалкам аддаваліся танцу, запрашаючы гледачоў пагрузіцца ў нумар і прачуць яго так, як адчуваюць сябе фігурысты.

Апошнія акорды музыкі - сяміразовы чэмпіён Еўропы, свой апошні тытул ён выйграў тут, у Мінску, Хаўер Фернандэс развітваецца з фігурным катаннем. Яго танец вянчае паказальныя выступленні.

 

У закрыцці форуму прыняў удзел і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка

Адразу пасля фінальнага нумара на лёд выходзіць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Дзякуе кожнаму спартсмену за падораны акіян эмоцый, суддзям - за іх нялёгкую карпатлівую працу ў гэтым суб'ектыўным відзе спорту, трэнерам - без працы, якіх не было б ўсёй гэтай прыгажосці на лёдзе. Дарэчы, фігурыстам Кіраўнік дзяржавы ўручыў і салодкія падарункі - беларускі шакалад, у якім няма цукру. “Мінскі чэмпіянат Еўропы гэтымі днямі засланіў і Australian Open, і этап Кубка свету па біятлоне”, - падкрэслівае Прэзідэнт у сваім выступленні, не без усмешкі адзначаючы, што нам будзе не хапаць у Мінску гэтых узрушаючых фігурыстаў.

Такія моманты застаюцца ў памяці назаўжды. А некаторыя сыдуць з лёду нават з унікальным сэлфі. Расіяне Мікіта Кацалапаў і Вікторыя Сініцына, аб'яднаўшыся з беларусамі Ганнай Кублікавай і Юрыем Гуліцкім, не прапусцілі магчымасць зрабіць фота з Аляксандрам Лукашэнкам.

Беларускія фігурысты не выйгралі медалі турніру. На п'едэстал пакуль мы не разлічваем. Але сёння перамогу атрымала ўсё беларускае фігурнае катанне,

Аб'яднаўшы вакол маленькай Беларусі не толькі ўсю Еўропу, а ўвесь свет. І гэта часам каштуе даражэй за любое золата.