Мінск акунуўся ў спартыўную атмасферу

8 июля 2017

У цэнтры сталіцы праходзіць шашэйная велагонка. Спаборніцтва сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў. Паводле традыцыі, трасай для гонкі абраны праспект Пераможцаў. Зона старту - фінішу знаходзіцца насупраць гандлёвага цэнта "Галерэя Мінск".

Там зараз працуе наша здымачная група. І на прамую сувязь са студыяй выходзіць Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).

Самае галоўнае, што ўдзельнікам Гран-пры Мінска, а таксама гледачам велагонкі пашанцавалв з надвор'ем. Зараз няма дажджу, невялікі вецер. Спаборніцтвы сабралі рэкордную колькасць велагоншчыкаў - 19 каманд з далёкага і блізкага замежжа, больш як 113 спартсменаў. Што ж датычыцца старту, то ён быў дадзены ў 13:45.

Спартсменам трэба пераадолець 145 кіламетраў дыстанцыі. Ад Палаца спорту да "Мінск-Арэны" і зваротна. Гэта 10 кругоў па 14 з паловай кіламетраў па праспекце Пераможцаў з чатырма прамежкавымі фінішамі. Менавіта па гэтых выніках і будзе вызначаны самы актыўны гоншчык. Зараз жа ідзе 4 круг заезду. 2 гады запар тут адзін з лідараў велаклуба "Мінск" Сяргей Папок. Ён жа галоўны фаварыт і сёння.

Сёлета арганізатары наладзілі сапраўднае свята для ўсіх аматараў веласпорту. Праграма актыўнасцяў уражвае. Ля Палаца спорту выставілі трэнажоры, ёсць зона фудкортаў і модных упрыгажэнняў, тры танцавальныя пляцоўкі. Не забылі і пра дзяцей. Для малых падрыхтавалі асобную зону забавак. Таксама сёння выберуць "Веламіс-2017".

Арганізатары задзейнічалі вялікі экран на фасадзе гандлёвага цэнтра, які знаходзіцца за маёй спінай. Таму балельшчыкі ў прамым эфіры могуць сачыць за падзеямі на дыстанцыі. Я жадаю яшчэ раз нагадаць, што рух па праспекце Пераможцаў ад вуліцы Няміга да вуліцы Ратамскай абмежаваны. Адновяць яго пасля 18:00. Так што, плануйце маршрут загадзя.