Мінск праз тыдзень прыме чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні

16 января 2019

Беларуская сталіца праз 4 дні прыме чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. З 21 студзеня ўвага балельшчыкаў будзе прыкавана да "Мінск-Арэны". Да нас прыедуць наймацнейшыя фігурысты Старога Свету. Гэта каля сотні спартсменаў з 35-ці краін - сярод іх і пераможцы Алімпійскіх гульняў. Білеты на форум практычна распрададзеныя. Прычым, ляцяць у Мінск фанаты фігурнага катання нават з Чылі і Японіі. Падрыхтоўка да спаборніцтваў ужо ідзе поўным ходам - зараз на "Мінск-Арэне" фарбуюць лёд. Усе падрабязнасці - у Крысціны Камыш.

 

Як толькі сталічнае "Дынама" напярэдадні дагуляла матч у рэгулярным сезоне КХЛ супраць "Віцязя", на "Мінск-Арэне" стартавала праца - здымалі ахоўнае шкло. А вось чараваць над лёдам для фігурыстаў пачалі сёння. Пляцоўка да чэмпіянату Еўропы павінна быць падрыхтавана ідэальна.

Лёд, які падыходзіць для спаборніцтваў па фігурным катанні, адрозніваецца ад таго, што выкарыстоўваюць хакеісты або канькабежцы, ён мякчэйшы. Падчас чэмпіянату Еўропы будзе задзейнічаны дзве арэны - спаборніцкая і трэніровачная. Агульная плошча лёду 3 тысячы 600 метраў квадратных. На заліванне сыдзе 54 тысячы літраў падрыхтаванай з дапамогай спецыяльных фільтраў і рэагентаў вады.

Каб надаць лёду патрэбнае фонавае адценне, будзе скарыстана 600 кілаграмаў фарбы. Пакрываюць паверхню не белым колерам, а шэрым.

Першыя дэлегацыі на чэмпіянат Еўропы пачнуць прыязджаць у Мінск у нядзелю. На 21 і 22 студзеня запланаваныя трэніроўкі.

Юлія Комлева, старшыня Беларускага саюза канькабежцаў:

"Засталіся самыя апошнія прыемныя падрыхтоўкі. Мы нешта ўзгадняем з сувенірнай прадукцыяй, для спартсменаў гэта майка і кружка. Мы жадаем ўпрыгожыць тыя месцы, дзе спартсмены будуць адпачываць, харчавацца. Непасрэдна нейкую дэкарацыю самой пляцоўкі і зон. У нас будзе фан-зона для гледачоў, розныя актыўнасці на вуліцы".

Разам са спартсменамі едуць у Беларусь і фанаты. Замежныя балельшчыкі выкупілі каля 40 % білетаў на чэмпіянат Еўропы. 80 % ад усіх замежных продажаў прыпалі на Расію. З еўрапейцаў найбольш актыўнымі апынуліся брытанцы, латвійцы і немцы. На форум прыедуць прыхільнікі з Японіі, Кітая, Чылі і іншых краін.

На мінскім першынстве самыя дэмакратычныя цэны на білеты за апошнія 10 гадоў. У Беларусі максімальны кошт абанемента на ўсе дні спаборніцтваў - 250 рублёў. Гэта ніжэй за сярэднія цэны чэмпіянатаў Еўропы ў тры разы.

Чакаецца аншлаг сярод прэсы. Асвятляць форум будуць 179 журналістаў. Афіцыйны тэлевяшчальнік - Белтэлерадыёкампанія.

Павел Булацкі, дырэктар дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5":

"Ужо парадку 6 краін арандавалі каментатарскія пазіцыі. Яны будуць вяшчаць непасрэдна з "Мінск-Арэны". Больш за тры   дзясяткі краін збіраюцца паказваць наш турнір. Будзе задзейнічана практычна ўся тэхніка Белтэлерадыёкампаніі. Вялізная колькасць аператараў, кранаў. Ранішнія, вячэрнія сесіі і паказальныя выступленні - усё будзе цалкам даступна ў прамым эфіры нашых спартыўных тэлеканалаў".

У Мінск едуць зоркі сусветнага катання. У танцах на лёдзе выступіць французская пара Габрыэла Пападакіс - Гіём Сізерон. Гэта трохразовыя чэмпіёны свету і сярэбраныя прызёры Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане. У адзіночным катанні ў жанчын заяўлена алімпійская чэмпіёнка расіянка Аліна Загітава. У мужчын - легендарны іспанец Хаўер Фернандэс. Ён шасціразовы чэмпіён Еўропы. І менавіта на мінскім першынстве ён завершыць сваю спартыўную кар'еру.

23 студзеня стартуе барацьба за ўзнагароды. Закрые чэмпіянат 27 студзеня гала-канцэрт з удзелам прызёраў спаборніцтваў.