"Мінск-Арэна" тым часам прадўажае пацвярджаць статус галоўнага спартыўнага аб'екта Беларусі

1 мая 2015

Чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы наша краіна прымае ўжо другі раз. Першы - чатыры гады таму. І хоць спаборніцкая праграма першага дня завяршылася менш чым гадзіну таму, госці ўжо не скупяцца на пазітыўныя водзывы. Асабліва ўдзельніц уразіла цырымонія адкрыцця. Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Захапляльнае лазернае шоу, маштабныя пастаноўкі з удзелам юных гімнастак, выступленне народных калектываў. І вядома, прадстаўленне ўсіх 37 краін-удзельніц. Цырымонія адкрыцця адлюстроўвала нацыянальныя асаблівасці Беларусі - гаспадыні чэмпіянату Еўропы.

Спаборніцкая праграма чэмпіянату стартавала яшчэ раніцай. Для многіх юніёрак выступленне тут стала першым на такім высокім узроўні. Зразумела, нерваваліся. Не да канца з хваляваннем справіліся і беларускі, але шанцы на медалі застаюцца, і нядрэнныя - трэцяе прамежкавае месца. На першым - расіянкі.

Калі ўлічваць усіх: гімнастак, трэнераў, суддзяў, то колькасць удзельнікаў нашага чэмпіянату амаль паўтысячы чалавек. Па сутнасці, гэта лепшыя людзі мастацкай гімнастыкі не толькі Еўропы - усяго свету. І ўдалае правядзенне кантынентальнага чэмпіянату дазволіць Беларусі разлічваць на планетарны.

Сеньёркі, гэта значыць, дарослыя гімнасткі, сёння пачалі барацьбу ў камандным першынстве, адначасна вызначаючы фінальныя васьмёркі ў практыкаваннях з абручом і мячом. За Беларусь выступаюць Кацярына Галкіна і Меліціна Станюта. Пасля дзвюх відаў праграмы нашы дзяўчаты займаюць 2 месца. Першыя расіянкі.

Першыя медалі гімнасткі разыграюць заўтра. Ужо ў 10 раніцы юніёркі прадоўжаць тое, што пачалі сёння - вызначаць лепшых у групавых практыкаваннях. Таксама цырымонія ўзнагароджання будзе і ў дарослых спартсменак - да вечара завершыцца каманднае першынство.